А А БЕРАЗОЎСКАЯ АСАБЛІВАСЦІ


Вы здесь: Авторские колонки FantLab > Авторская колонка «slovar06» > А.А. БЕРАЗОЎСКАЯ. АСАБЛІВАСЦІ РАДЫЁПРАГРАМ З УДЗЕЛАМ БЕЛАРУСКІХ ПІСЬМЕННІКАЎ У ПЕРЫЯД ДЭМАКРАТЫЧНАГА АБНАЎЛЕННЯ ГРАМАДСТВА (1950–1960)
Поиск статьи:
   расширенный поиск »

А.А. БЕРАЗОЎСКАЯ. АСАБЛІВАСЦІ РАДЫЁПРАГРАМ З УДЗЕЛАМ БЕЛАРУСКІХ ПІСЬМЕННІКАЎ У ПЕРЫЯД ДЭМАКРАТЫЧНАГА АБНАЎЛЕННЯ ГРАМАДСТВА (1950–1960)

Статья написана 3 июня 2019 г. 11:17

Дыялог паміж пісьменнікам і аўдыторыяй традыцыйна наладжаны па схеме «твор – чытач»,

што мае аб’ектыўны характар: асоба пісьменніка

часцей за ўсё схавана за «вобразам аўтара».

Аднак для поўнага пранікнення ў «вобраз аўтара» недастаткова прачытаць твор, неабходна ўлічыць і ўсе экстралінгвістычныя фактары, ідэйную

і грамадзянскую пазіцыю аўтара, што выяўляецца ў большай ступені праз адкрыты дыялог пісьменніка і чытача, мажлівасць якога забяспечваюць сродкі масавай інфармацыі, ператвараючыся ў пэўную платформу для папулярызацыі, актуалізацыі мастацкай літаратуры і ідэйных пазіцый аўтара. Найбольш дзейсная платформа ў гэтых адносінах – аўдыёвізуальная, паколькі пры

дапамозе сваіх вобразна-выяўленчых сродкаў

яна дазваляе арганізаваць дыялог адкрыта, без

пасрэдніцтва чытацкіх інтэрпрэтацый.

Дзейнасць пісьменнікаў на радыё ніколі не

была прадметам асобнага навуковага даследавання, а гэта цікавая старонка гісторыі беларускай радыёжурналістыкі і літаратуры, якая

заслугоўвае ўвагі. У гісторыі радыёжурналістыкі

былі перыяды, калі слова пісьменніка мела

надзвычайную вагу і вялікую сілу ўздзеяння.

Найбольш паказальнымі ў гэтым сэнсе можна

лічыць гады Вялікай Айчыннай вайны, калі фарміравалася беларуская патрыятычная публіцыстыка, у першую чаргу дзякуючы таму, што ў

рэдакцыі да мікрафона прыйшлі працаваць вопытныя пісьменнікі і публіцысты, якія добра валодалі словам. Не менш паказальныя і 1950–1960-я гг.,

яны ўвайшлі ў гісторыю літаратуры як перыяд дэмакратычнага абнаўлення грамадства (1956–1965),

а ў гісторыю журналістыкі як перыяд стварэння

сістэмы сродкаў масавай інфармацыі ў Беларусі

(гл. Слука, 146). Менавіта гэты адрэзак часу і

стаў прадметам навуковага асэнсавання і аналізу

ў дадзеным артыкуле, мэта якога – сістэматызаваць шматлікія факты ўдзелу пісьменніка ў радыёэфіры, прасачыць, наколькі праблема запатрабаванасці пісьменніцкага слова на радыё

звязана з пэўным гістарычным перыядам. У

якасці эмпірычнага матэрыялу выкарыстаны сцэнарыі тагачасных праграм, якія захаваліся ў

Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь (далей – НАРБ). Метадалагічнай асновай артыкула

з’яўляюцца агульнанавуковыя прынцыпы гістарызму і дыялектыкі, якія разглядаюць з’явы ў іх

узаемасувязі і ўзаемаабумоўленасці, сучасныя і

гістарычныя канцэпцыі тэорыі і практыкі радыёжурналістыкі і літаратуры.

Перш чым звярнуцца непасрэдна да пісьменніцкіх радыёвыступленняў, узгадаем, што адбывалася ў грамадстве пасля заканчэння Другой

сусветнай вайны. У першае пасляваеннае дзесяцігоддзе (1945–1955) для журналістыкі і літаратуры быў характэрны аднаўленчы пафас, абумоўлены, па-першае, выхадам з полымя вайны, а падругое, доўгачаканым мірным працоўным жыццём. Драматычнае сутыкненне падзей XX ст.,

жыццёвы выбар і трыванне чалавека ў небывала

паскораным часе са свайго боку запатрабавалі

мастацка-дакументальныя разнавіднасці літаратуры. З асаблівай непазбежнасцю выявілася тэндэнцыя да мастацкага дакументалізму. 1956 г.

распачаў перыяд, які пад корань падсякаў

дэспатычны культ асобы, арыентаваў на шлях

гаспадарчых рэформ, на пацяпленне агульнага

грамадскага клімату, выклікаў свежыя дэмакратычныя павевы, сцвярджаў самакаштоўнасць чалавечай асобы. Паступова ў беларускай літаратуры, публіцыстыцы назіраўся адыход ад звычайнай ілюстрацыйнасці, схематызму, лакіроўкі і

набліжэнне яе да сапраўднага жыцця. На першы

план выйшлі найбольш рухомыя аператыўныя

жанры (у прыватнасці, нарыс), з дапамогай якіх

пісьменнікі, публіцысты мелі магчымасць своечасова рэагаваць на перамены ў грамадскім жыцці,

абапіраючыся на рэальныя факты, а гэта ў перыяд

праўдашукальніцтва было вельмі актуальным.

Своеасаблівай трыбунай для аператыўнага

рэагавання на карэнную перабудову ва ўсіх сферах грамадска-сацыяльнага жыцця стала радыё.

Творчыя магчымасці пісьменнікаў асабліва плённа выкарыстоўваліся ў праграмах Галоўнай рэдакцыі літаратурна-драматычнага вяшчання Беларускага радыё.

Нягледзячы на тое, што «вецер перамен» ужо

змяніў курс развіцця грамадства (асабліва пасля

XX з’езда партыі), літаратура, мастацтва, журналістыка, прывучаныя да ілюстравання афіцыйных

дакументаў, да ўслаўлення савецкай явы, пэўны

час працягвалі развівацца па інерцыі: арганізоўваліся ўрачыстыя з’езды, дэкады, тыдні, сустрэчы з заклікамі славіць камуністычнае будаўніцтва, партыю, чалавека пярэдняга краю (гл. Гісторыя беларускай літаратуры… 2002, 143). Афі-

Журналістыка

65

цыйная палітыка ў адносінах да літаратуры і мастацтва ў многім заставалася ранейшай, заснаванай на жорсткіх канонах сацыялістычнага рэалізму – класавасці, партыйнасці, паказе жыцця ў

ілюзорнай гістарычнай перспектыве. Практычна

ўсе пісьменніцкія выступленні ў друку, па радыё ў

гэты перыяд былі абумоўлены перш за ўсё пэўнымі гістарычнымі, партыйнымі падзеямі. Многія

цыклы праграм прысвячаліся з’ездам партыі або

гадавіне сацыялістычнага будаўніцтва. Радыйны

мікрафон сапраўды ператвараўся ў трыбуну,

адкрытую не толькі для журналістаў, але і для

пісьменнікаў. Больш таго, менавіта на пісьменнікаў і рабілася стаўка, пра што сведчаць наступныя дакументы. У справаздачнай даведцы (1958)

аб рабоце Галоўнай рэдакцыі літаратурнадраматычнага вяшчання ў сувязі з падрыхтоўкай

да 40-годдзя БССР напісана: «Пасля справаздачы рэдакцыі на Камітэце прайшло тры с палавінай месяцы. Нам было паказана, што рэдакцыя

працуе без дастатковай творчай сувязі з пісьменнікамі і другімі аўтарамі. < … > Супрацоўнікі

рэдакцыі ўлічылі гэтыя заўвагі і, нягледзячы на

тое, што летні перыяд быў дастаткова цяжкім,

таму што пісьменнікі ў большасці сваёй адсутнічалі, прыцягнулі да работы значную колькасць

аўтараў. < … > Рэдакцыя значна пашырыла свой

аўтарскі актыў. Ля мікрафона выступіла значная

колькасць маладых пісьменнікаў. Так рэдакцыя

паказала работу і творчыя планы літаратурных

аб’яднанняў Магілёва, Гродна, Брэста, Гомеля»

(НАРБ, ф. 871, воп. 2, адз. зах. 155, с. 37).

І пазней у дакладной да сакратара ЦК Кампартыі Беларусі таварыша Т.С. Гарбунова «Аб асвятленні па радыё і тэлебачанні падрыхтоўкі да

40-годдзя БССР» чытаем: «Па літаратурнадраматычным вяшчанні звернута сур’ёзная ўвага

на шырокае прыцягненне да радыёперадач

новых аўтараў і асабліва беларускіх пісьменнікаў. За гэты час пісьменнікі Краўчанка, Кулакоўскі, Панчанка, Пестрак, Паслядовіч, Гілевіч,

Карпаў, Няхай прынялі ўдзел у перадачах, прысвечаных поспехам беларускага народа і перспектывам развіцця сельскай гаспадаркі рэспублікі

ў свеце рашэнняў лютаўскага Пленума ЦК КПСС

і сесіі Вярхоўнага Савета СССР. З красавіка месяца ўведзены новыя віды радыёперадач: “Трыбуна пісьменніка” (публіцыстычныя выступленні

пісьменнікаў), “Новае на клубнай сцэне” (аб

літаратурнай і тэатральнай дзейнасці калектываў

мастацкай самадзейнасці) і “Літаратурная радыёвіктарына”» (Там жа, 73). З гэтых дакументаў

бачна, што пытанню супрацоўніцтва пісьменнікаў

з радыё надавалася вялікае значэнне.

Як адзначалася раней, многія выступленні

пісьменнікаў былі прымеркаваны да пэўных дат,

падзей у гісторыі краіны, партыі. Так, напрыклад,

падчас падрыхтоўкі да выбараў у Вярхоўны

Савет СССР (1958) у планах перадач Камітэта па

радыёвяшчанні і тэлебачанні (гл. НАРБ, ф. 871,

воп. 2, адз. зах. 155, с. 86) значацца выступленні

пісьменнікаў і паэтаў «З думай аб Радзіме»,

выступленні беларускіх паэтаў з новымі вершамі,

прысвечанымі Савецкай Канстытуцыі. У каляндарных планах часта прапісваліся нават канкрэтныя даты і прозвішчы: да 40-годдзя КПБ і БССР

(гл. НАРБ, ф. 871, воп. 2, адз. зах. 156, с. 1) Янку

Брылю неабходна было ў снежні зрабіць нарыс

«У Забалоцці днее», Піліп Пестрак павінен быў

выступіць з прамовай «У адзінай дзяржаве», а

Тарас Хадкевіч – з прамовай «Партыя – натхніцель нашых перамог». Пісьменніцкія выступленні

заўсёды былі запатрабаванымі ў гадавіну Перамогі, да юбілеяў Леніна, да Дня Касманаўтыкі, да

чарговага камуністычнага суботніка і г. д.

У выступленні намесніка старшыні Саюза

пісьменнікаў Беларусі Міхася Калачынскага ад

24 красавіка 1959 г. вельмі дакладна прапісаны ўсе

тыя задачы, якія былі пастаўлены партыяй перад

пісьменнікамі, што, у сваю чаргу, растлумачвае

ўсе згаданыя «каляндарныя планы», справаздачы і г. д. Асноўная думка выступлення, што

«пісьменнік – гэта вочы і вушы свайго часу»

(НАРБ, ф. 871, воп. 2, адз. зах. 274, с. 75). А паколькі адна з адметных рыс часу – гэта насычанасць самымі рознымі падзеямі, якія хутка

нараджаюцца, мяняюцца, як у калейдаскопе,

быццам засланяючы адна другую, то галоўная

задача літаратуры – быць люстрам сучасных

падзей: Нельга, напрыклад, быць удзельнікам

новабудоўлі, а пісаць зусім аб іншым, аб далёкім

мінулым. Выключэнне можа быць толькі для

тых людзей, якія засталіся значнай вехай у

гісторыі, вучаць маладое пакаленне рэвалюцыйнаму гераізму. Цікава, што не творчае натхненне,

не асабісты інтарэс аўтара да той ці іншай тэмы

павінен быў скіроўваць яго да напісання

мастацкага твора, а сямігадовы план: Давайце

возьмем сямігадовы план Беларусі і паглядзім,

якія новабудоўлі, прамысловыя аб’екты маюць

найбольшае значэнне для краіны, дзе найбольш

поўна можа праявіцца характар савецкага

чалавека. < … > Мінулае і сучаснае раёна – гэта

кантрасты, гэта невычэрпны вір вобразаў для

літаратара (Там жа, 77). З гэтай нагоды

Праўленне Саюза пісьменнікаў БССР вырашыла

скласці творчыя брыгады, у якія павінны былі

ўвайсці празаікі, паэты, драматургі, крытыкі, што

паехалі б разам да будаўнікоў, паглядзелі, што ў

іх ёсць цікавага, наведалі новыя прамысловыя

прадпрыемствы, калгасныя гаспадаркі, асаблівую

ўвагу звяртаючы на тыя змены, якія адбываюцца

ў вёсцы ў сувязі з рэарганізацыяй МТС і

далейшым развіццём калгаснага ладу; на

«пераробку» псіхалогіі працаўнікоў зямлі, бо

новыя матэрыяльныя абставіны натуральна

змяняюць свядомасць, светапогляд людзей. Такі

эксперымент Міхась Калачынскі называе

разведкай будучых вялікіх тэм (Там жа, 80). У

рамках дадзенай тэмы вельмі важным падаецца

Веснік БДУ. Сер. 4. 2010. № 2

66

думка пісьменніка наконт таго, як данесці гэта да

аўдыторыі: Варта падумаць, як аператыўна

данесці наша слова да сучаснікаў. Раней былі

зборнікі нарысаў, апавяданняў. Можа вярнуць? У

часопісах «Полымя», «Беларусь», «Маладосць»

неабходна завесці пастаянныя раздзелы «На

будоўлях сямігодкі», «Людзі сямігодкі». <…>

Вялікія магчымасці ў радыё і тэлебачання.

Якая гэта трыбуна для пісьменніка! Трэба

завесці такое правіла: нарысы аб людзях

сямігодкі хоць бы раз у тыдзень перадаваць па

рэспубліканскім радыё. Акрамя таго, кожны

пісьменнік, вярнуўшыся з паездкі, павінен ісці

да мікрафона, да аб’ектыва тэлекамеры,

падзяліцца сваімі ўражаннямі, расказаць, што

пачуў і пабачыў у жыцці, прачытаць новы верш,

бо людзі заўсёды чакаюць нашага жывога слова

(Там жа, 82). Гэтыя словы намесніка старшыні

Саюза пісьменнікаў БССР растлумачваюць у

поўнай меры матывы з’яўлення пісьменнікаў

перад мікрафонам з тэмамі, якія, на першы

погляд, былі далёкімі ад іх кампетэнцыі. Але, з

другога боку, калі падыходзіць да літаратуры як

да чалавеказнаўства, а да напісання мастацкага

твора як да пастаяннага маніторынгу жыццёвых

сітуацый, характараў, якія пазней могуць стаць

асновай для будучага твора, тады гэтыя словы

ўяўляюцца вельмі арганічнымі і не выклікаюць

скептыцызму. Акрамя таго, у жыцці адбываліся

ўжо незваротныя змены, і як бы не стараліся

ідэолагі партыі вярнуць літаратуру на ранейшыя

шляхі ілюстрацыйнасці, гэта ўжо зрабіць было

цяжка. Больш таго, радыё, у прыватнасці тыя

самыя справаздачныя рэйды, дапамагала пісьменнікам наблізіцца да сапраўднага жыцця народа, пазнаёміцца са сваім героем і аператыўна

вобразна пра яго расказаць, што ў сваю чаргу

ўзмацняла гуманістычны пачатак радыёпраграм.

Адной з перадач, што даносіла да сучасніка

слова пісьменніка, стала праграма «Трыбуна

пісьменніка» (на мікрафонных папках часцей за

ўсё сустракаецца назва «Трыбуна пісьменніка і

журналіста». – А. Б.), якая выходзіла ў 1950–1970 гг.

з рознай перыядычнасцю і прадстаўляла сабой

радыёвыступленне па пэўнай, загадзя акрэсленай тэме. Хронаметраж – 10–15 хвілін. Тэмы

часцей за ўсё тычыліся агульнаграмадскіх праблем. Так, у сакавіку 1958 г. пісьменнік Макар

Паслядовіч выступіў з прамовай, прысвечанай

рашэнням лютаўскага Пленума ЦК, закрануў

праблему рэарганізацыі машынна-трактарных

станцый (гл. НАРБ, ф. 871, воп. 2, адз. зах. 202,

с. 165). Выступленне «Год вялікіх здзяйсненняў»

(29 снежня 1959 г.) аднаго са старэйшых

беларускіх пісьменнікаў Міхася Лынькова было

своеасаблівым падвядзеннем вынікаў таго, што

было зроблена ў мінулым годзе, аўтар згадаў усе

«перамогі» савецкага ладу жыцця: паспяховы

пачатак сямігодкі, высокія паказчыкі ў прамысловасці і сельскай гаспадарцы, гарманічнае развіццё савецкай дэмакратыі, барацьба за мір ва ўсім

свеце (НАРБ, ф. 871, воп. 2, адз. зах. 277, с. 200).

У цэнтры ўвагі выступлення «У абарону зялёнага

друга» Тараса Хадкевіча ў красавіку 1960 г.

(НАРБ, ф. 871, воп. 2, адз. зах. 355, с. 63) стала

праблема клапатлівых адносін да лясных багаццяў, ашчадная планавая эксплуатацыя.

Яшчэ адна праграма, актыўны ўдзел у якой

прымалі пісьменнікі, – «Пісьменнікі перад мікрафонам». Выходзіла з рознай нагоды: выданне новай кнігі («Аб новых кнігах»), адказ на існаванне

якой-небудзь праблемы або проста творчая

сустрэча пісьменніка са сваімі чытачамі; адпаведна пасля агульнай назвы канкрэтызавалася тэма.

Так, у лютым 1958 г. Алесь Зарыцкі падзяліўся са

слухачамі думкамі пра сваю новую кнігу «Паэмы»

(НАРБ, ф. 871, воп. 2, адз. зах. 202, с. 26). У тым

жа лютым 1958 г. у рамках гэтай праграмы адбылася сустрэча пісьменнікаў-воінаў са сваёй аўдыторыяй, праграма атрымала назву «Пісьменніківоіны перад мікрафонам», выступілі ўдзельнікі

літаратурнага аб’яднання, якое існавала пры

рэдакцыі газеты «Во славу Родины», прачыталі

свае творы, падзякавалі старэйшым беларускім

пісьменнікам – І. Мележу, А. Кулакоўскаму – за

дапамогу, якую тыя аказваюць маладым аўтарам

(НАРБ, ф. 871, воп. 2, адз. зах. 201, с. 164).

Журналістыка

67

такіх чацвёра… // З аўтобуса злазім разам: –

Старобінцы? // – Не! Шахцёры! (НАРБ, адз.

зах. 277, с. 77).

Інфармацыйнай падставай для з’яўлення пісьменніка каля мікрафона былі не толькі падзеі

дзяржаўнага маштабу, але і тыя, якія тычыліся

непасрэдна літаратуры. Многія праграмы, прысвечаныя пытанням літаратуры, часцей за ўсё

аб’ядноўвала назва «літаратурная перадача», а

пасля тэма канкрэтызавалася. Так, напрыклад, у

студзені 1958 г. у эфір выйшла «Літаратурная

перадача для моладзі», аўтарам якой стаў

вядомы пісьменнік-франтавік Аляксей Кулакоўскі,

які на той момант быў галоўным рэдактарам

часопіса «Маладосць» і ў эфіры прадстаўляў

першы нумар свайго выдання, распавядаў пра

аўтараў, сярод якіх – слесар-зборшчык завода,

даярка, інжынер-геолаг (НАРБ, ф. 871, воп. 2,

адз. зах. 201, с. 48).

Пад агульнай назвай «літаратурная перадача» выходзілі ў эфір і «Расказы аб бачаным»,

якія ўяўлялі сабой агучаныя аўтарам падарожныя

нататкі, уражанні ад пэўных вандровак, часцей за

ўсё замежных. Так, у красавіку 1958 г. сваімі ўражаннямі ад паездкі ў Пекін на працягу паўгадзіны

са слухачамі дзяліўся Максім Танк (гл. НАРБ,

ф. 871, воп. 2, адз. зах. 203, с. 26). Пісьменнік

быў у Пекіне падчас святкавання восьмай гадавіны абвяшчэння КНР. Пад уздзеяннем паездкі

паэт напісаў некалькі новых вершаў, некаторыя з

якіх агучыў у эфіры («Ля варот Цяньаньмынь»,

«Ван Суй», «Мост вечнага спакою», «Белы конь»,

«Вялікая Кітайская сцяна»).

Як правіла, напярэдадні пісьменніцкіх з’ездаў

таксама выходзілі літаратурныя перадачы, у якіх

падводзіліся пэўныя вынікі. Пасля пісьменніцкага

з’езда абавязковай была і аглядная праграма, як

прайшоў з’езд, якія рашэнні былі прыняты.

Часам пад назвай «літаратурная перадача»

«літаратурным» быў толькі аўтар, пісьменнік, а

тэма тычылася агульнаграмадзянскіх пытанняў.

Так, напрыклад, у сакавіку 1959 г. у эфіры прагучала літаратурная перадача «Вясна сямігодкі»

(прымеркаваная да прапаганды рашэнняў XXI

з’езда), аўтарам якой стаў Антон Бялевіч. Атрымалася вельмі лірычнае, насычанае метафарамі

выступленне. Аўтар пачынае з сімвала вясны –

шпака, які засвістаў на сяле і стаў прадвеснікам

добрых перамен. Вясна прыродная супастаўляецца з «вясной камунізма»: Вясна першага

года сямігодкі ўздыме ў неба песняроў поля –

жаваранкаў. Паклічуць яны плугароў і сейбітаў

на калгасныя разлогі (НАРБ, ф. 871, воп. 2, адз.

зах. 273, с. 288). Галоўны пасыл гэтага выступлення – услаўленне чалавека працы: Вельмі ж

уляглі нашы людзі ў работу. І ў кузнях у нашых

зранку звініць, і ў свірнах, і на фермах работа

кіпіць (Там жа, 284). Антон Бялевіч звярнуўся

і да негатыўных момантаў, выкрываючы нядбайнасць некаторых гаспадароў, як, напрыклад,

брыгадзіра, які пакінуў балотны плуг на лузе

зімаваць пад снегам, ці конюха, які прышыў

спецыяльныя кішэні, каб насыпаць іх калгасным

аўсом. Кульмінацыйнай фігурай у выступленні

Антона Бялевіча стаў стары ляснік Астап

Варывончык, які напачатку паўстае як сварлівы,

скептычна настроены да перамен чалавек.

Сустрэўшыся з лесніком праз пэўны час, аўтар не

пазнаў старога, і ў яго сэрца ўздыхнула сонечная

вясна свежыя сілы, штосьці новае, вясёлае,

натхненае (Там жа, 293). Пісьменнік не хавае

радасці ад таго, што разумныя думкі, новыя

адносіны да зямлі, да гаспадаркі, да працы

народжаны высокімі ідэямі мудрых, глыбокіх,

гуманных дакументаў і рашэнняў XXI з’езда

(Там жа, 293).

Вядома, галоўная рэдакцыя літаратурна-драматычнага вяшчання не прамінала святкаванне

пісьменніцкіх юбілеяў і вельмі дбайна да іх

рыхтавалася. Так, да 90-годдзя з дня нараджэння

Янкі Купалы планаваліся наступныя радыёмерапрыемствы (гл. НАРБ, ф. 871, воп. 4, адз. зах. 30,

с. 38): выступленне М. Лынькова «Слова пра

Янку Купалу», Р. Шкрабы «Уладар беларускай

песні», С. Александровіча «Вязынка, калыска

песняра», успаміны А. Бялевіча «Салаўіная дуброва паэзіі», А. Астрэйкі – «Дарогамі жыцця», нататкі татарскага пісьменніка А. Мухітдзінава «Купала на Волзе», перадача з калгаса імя Янкі Купалы, радыёкампазіцыі «Янка Купала – перакладчык», «Янка Купала і тэатр», запісы творчых сустрэч з музея Янкі Купалы і інш.

Вялікай папулярнасцю ў згаданы перыяд карысталіся праграмы: «Наша радыёбібліятэка»

(па кнігах мастацкай і дакументальнай прозы і

паэзіі, якія выпускала выдавецтва «Мастацкая

літаратура»), «Творчыя партрэты пісьменнікаў»

(удзельнічалі, як правіла, самі пісьменнікі, крытыкі, гучалі лепшыя вершы, апавяданні, урыўкі з

найбольш вядомых раманаў і аповесцей), радыёчасопіс «Паэзія» (больш за дзесяць гадоў быў у

эфіры Беларускага радыё, звычайна адкрываўся

вершамі аднаго паэта; існавала некалькі рубрык:

«Мой любімы паэт», «З паэтычнай спадчыны»,

«Ідзе паэтычная змена», «З паэтычнай фанатэкі», «Новыя пераклады»; за паўгадзіны праграмы

выходзіла 5–6 пісьменніцкіх выступленняў), «За

рабочым сталом пісьменніка».

Безумоўна, асноўнай платформай для арганізацыі дыялога паміж пісьменнікам і яго аўдыторыяй была Галоўная рэдакцыя літаратурнадраматычнага вяшчання, менавіта ў яе тэматычных планах часцей за ўсё сустракаліся пісьменніцкія прозвішчы. Тым не менш пісьменніцкае

слова актыўна выкарыстоўвалі і дзіцячая рэдакцыя, і рэдакцыя «Апошніх паведамленняў», і рэдакцыя прапаганды.

Эфектыўнай формай супрацоўніцтва пісьменнікаў з радыё стала прыцягненне іх да ўдзелу ў

трансляцыях, рэпартажах, прысвечаных дэманст-

Веснік БДУ. Сер. 4. 2010. № 2

68

рацыям працоўных (гадавіна Кастрычніцкай рэвалюцыі, свята Першага мая), за якія адказвала рэдакцыя «Апошніх паведамленняў». Побач з вопытнымі журналістамі, каментатарамі, дыктарамі

Беларускага радыё каля мікрафона выступалі

беларускія пісьменнікі. Гэтыя выступленні часцей

за ўсё ўяўлялі сабой палымяны зварот ці своечасовы грамадзянскі верш. Так, падчас святкавання

1 Мая 1958 г. у паэта Кастуся Кірэенкі (гл. НАРБ,

ф. 871, воп. 2, адз. зах. 172, с. 97) нарадзіліся

наступныя радкі: Наша свята – наш Май // Назаўсёды запомніцца // Непаўторнай праменнасцю // Светлых дарог // Я люблю гэты дзень //

Дзень, што песнямі поўніцца, // Што краіну да

новых вядзе перамог. Многія аўтары, выкарыстоўваючы моц празаічнага слова, па-мастацку апісвалі тое, што адбывалася на вуліцах.

Міхась Калачынскі: Усе зямныя фарбы зліліся

сёння на цэнтральнай магістралі, па якой коціцца хваля народнага лікавання. Здаецца, гэта

маладая вясна запаліла свае зыркія вясёлкі ў гонар першамайскага свята (НАРБ, ф. 871, воп. 4,

адз. зах. 172, с. 99). Практыка ўдзелу пісьменнікаў у святочных трансляцыях працягвалася да

1980-х гг. І не толькі Першамай ці гадавіна рэвалюцыі станавіліся прадметам для каментарыяў.

Так, некаторыя з пісьменнікаў прымалі ўдзел у

цырымоніі закладкі мемарыяльнага комплексу

«Хатынь», адкрыцці Кургана Славы.

Літаратурныя праграмы дзіцячай рэдакцыі

адрозніваліся большай дыялагічнасцю, жывасцю і

прастатой мовы (улічвалася, вядома, мэтавая

аўдыторыя); тым не менш пытанні, якія ўздымаліся

падчас пісьменніцкіх выступленняў, былі не зусім

дзіцячымі. Так, у красавіку 1963 г. пісьменнікі

звярнуліся да дзіцячай аўдыторыі з тэмай «На

новабудоўлях рэспублікі» (гл. НАРБ, ф. 871, воп. 4,

адз. 618, с. 29). У праграме прынялі ўдзел

Л. Арабей, У. Нядзведскі, У. Дадзіёмаў, С. Грахоўскі. Кожны з аўтараў расказваў пра свой аб’ект

падарожжа, даступна і без залішніх лічбаў, фактаў.

Папулярнай перадачай дзіцячай рэдакцыі

надоўга стала праграма «Аб кнізе, якая яшчэ ў

чарнільніцы», яна дазваляла пісьменніку наладзіць прамы дыялог са сваім маленькім чытачом.

Гасцямі станавіліся пісьменнікі і паэты, што пісалі

для дзяцей. Напрыклад, у эфіры 17 чэрвеня

1963 г. пабывалі Артур Вольскі, Мікола Гамолка,

Эдзі Агняцвет, Ядвіга Бяганская (гл. НАРБ,

ф. 871, воп. 4, адз. зах. 725, с. 88). А. Вольскі прачытаў дзецям некалькі вершаў са сваёй новай

кнігі «Куды плывуць караблікі»; М. Гамолка расказаў маленькім слухачам, што апошнія некалькі

гадоў працаваў над творам аб асваенні космасу

(навукова-фантастычны раман «Шосты акіян»,

п’еса «Бітва ў космасе»), а зараз на яго пісьмовым стале – рукапіс новага рамана «Сокалы-сакаляняты» пра гераічныя ўчынкі ў гады Вялікай

Айчыннай вайны.

Акрамя гэтай праграмы існаваў шэраг іншых

літаратурных праграм, якія рыхтаваліся дзіцячай

рэдакцыяй: «Да вас новая кніжка ідзе», «На рабочым стале пісьменніка», «Сустрэча з тымі, хто

піша кнігі», «Беларускія пісьменнікі – дзецям»,

«Слова маюць маладыя пісьменнікі» і інш.

Такім чынам, прааналізаваўшы ўдзел пісьменнікаў у радыёпраграмах пасляваенных дзесяцігоддзяў, трэба адзначыць, што гэты ўдзел, папершае, быў невыпадковым і вельмі арганічным,

паколькі адпавядаў агульнай тэндэнцыі, якая назіралася ў літаратуры, мастацтве, журналістыцы

ў 1950–1960-я гг. і выяўлялася праз арыентацыю

ўсіх формаў мастацтва на аператыўнае асвятленне працэсаў перабудовы ў краіне. Па-другое,

нягледзячы на тое, што партыйныя нарады паранейшаму вызначалі рытм грамадскага жыцця,

адметнасць гэтага перыяду ў тым, што вытворчагаспадарчыя праблемы і нават партыйна-савецкія пастановы і дырэктывы аналізаваліся праз

канкрэтныя дзеянні савецкіх людзей у розных

сферах жыцця, дзе праяўляліся самыя лепшыя

рысы характару і паводзін кожнай асобы, калектыву і ў абагульненым выглядзе ўсяго грамадства. Беларускія пісьменнікі, публіцысты, дзеячы

мастацтва былі ў пэўнай ступені тымі прарокамі,

якія сваімі творамі ў перыядычным друку, каля

мікрафона ўзбагачалі журналістыку вобразным і

рэальным адлюстраваннем складанага жыцця.

Пісьменнік выступаў актыўным суб’ектам радыёэфіру, станавіўся непасрэдным удзельнікам, а

часам і арганізатарам радыёдыялога паміж сабой

і аўдыторыяй: выкарыстоўваючы свае творчыя

магчымасці, ён звяртаўся непасрэдна да слухача

з новым творам ці адметнымі думкамі і развагамі

па пэўнай праблеме. Гэта ў сваю чаргу актуалізавала грамадскі інтарэс да мастацкай літаратуры,

павышала аўтарытэтнасць і прэстыж пісьменніцкай працы.

ЛІТАРАТУРА

Гісторыя беларускай літаратуры XX стагоддзя: У 4 т. Мн.,

2002. Т. 3.

Слука А . Г . Беларуская журналістыка: Вучэб. дапам.:

У 3 ч. Мн., 2009. Ч. 3.

Паступіў у рэдакцыю 04.04.10.

Алена Аляксандраўна Беразоўская – старшы выкладчык кафедры тэлебачання і радыёвяшчання.

https://elibrary.ru/item.asp?id=21812892&





172
просмотры





  Комментарии
нет комментариев


⇑ Наверх