Алена Васілевіч РАМАНТЫК І


Вы здесь: Авторские колонки FantLab > Авторская колонка «slovar06» > Алена Васілевіч. РАМАНТЫК І ГУМАНІСТ
Поиск статьи:
   расширенный поиск »

Алена Васілевіч. РАМАНТЫК І ГУМАНІСТ

Статья написана 28 мая 2023 г. 19:10

«…яму споўнілася б Сто гадоў.

Называю гэтую лічбу з пачцівай прапісной літары. І ў той жа час думаю, што ўсім, хто блізка і добра ведаў Маўра, зусім не было б нечакана і дзіўна, калі б раптам сёння на такую прадстаўнічую ўрачыстасць заявіўся раптам ён сам…», — прызнавалася ў сваіх згадках пра Янку Маўра Алена ВАСІЛЕВІЧ. Так можна было б напісаць і пра саму сёлетнюю стогадовую юбілярку — паважаную Алену Сямёнаўну, якая не дажыла да даты «з пачцівай прапісной літары» ўсяго нейкіх два гады…

Сёлетняе 10 траўня-ма́я ў непаўторнага Янкі Маўра — 140-гадовы юбілей. З гэтай нагоды мы і публікум згаданы артыкул 40-гадовай даўнасці.

Янка Маўр…

Да самай глыбокай старасці — а ён пражыў восемдзесят восем гадоў — усімі сваімі ўчынкамі Янка Маўр нагадваў хлапчука-свавольніка. Ва ўсім і заўсёды нечаканы выдумшчык і фантазёр, ён і псеўданім сабе выбраў нетутэйшы (настаўнік геаграфіі, Іван Міхайлавіч Фёдараў) — Маўр. Гэта, ні на чыё іншае ў беларускай літаратуры непадобнае імя (сярод нашых жытніх палеткаў, сінявокіх азёр і задуменных дуброў і гаёў) мела дзіўную прыцягальную сілу і так нязвычна зманьвала сваім нетутэйшым зместам: Маўр… Ды і амаль усе першыя кнігі Янкі Маўра былі таксама пра далёкія-далёкія краіны: Новая Гвінея, Інданэзія, Вогненная Зямля, Кітай, Цэйлон, Італія… Адтуль жа з’явіліся і яго дзіўныя героі, якія адразу ж і на ўсё жыццёпаланілі дзіцячую душу і ўяўленне.

…Біяграфіі Янкі Маўра ніхто не ведаў, ён яе не пісаў, і ніхто яе не друкаваў нідзе, і таму кожнаму, хто чытаў яго кнігі, уяўлялася, што піша іх нейкі чужаземец, а калі не, то пэўна ўжо нейкі славуты вандроўнік. І якое ж было дзіва, калі выяўлялася, што Маўр ніколі не плаваў па Ціхім акіяне, ніколі не вандраваўі не бачыў тых далёкіх краёў, якія ён апісаў так дакладна і падрабязна, што нават і надта спакушаныя вандроўнікі не верылі: як — свае кнігі Маўр пісаў у Мінску — «на галубятні», у адным з дамоў на Новамаскоўскай вуліцы?

Паслухаем, як расказваў пра тую «галубятню» і пра той час свайго знаёмства з Янкам Маўрам Алесь Якімовіч:

«Дабірацца да Маўра трэба было праз доўгія цёмныя вышкі. І я заўсёдв баяўся, ка не разбіць упоцемку лоб аб стаякі. Упершыню на гэтай «галубятні» я ўбачыў энцыклапедыю Бракгаўза і Эфрона, кнігі вядомых падарожнікаў Міклухі-Маклая, Белінгсгаўзена, Кука, Галаўніна і іншых. Сюды ж прыходзілі пісьмы і пакеты з фатаграфіямі ад эсперантыстаў усяго свету…».

Сакрэт поспеху і выключнай папулярнасці Маўравых кніг абумоўліваўся тым, што задоўга да таго, як у літаратуры з’явіўся пісьменнік Янка Маўр — усе гэтыя кніжкі маляваўу сваім уяўленні, выношваў іх, расказваў сваім вучням на ўроках і толькі потым ужо, праз гады напісаў таленавіты настаўнік геаграфіі Іван Міхайлавіч Фёдараў.

…А хіба яго ўласнае жыццё было менш цікавае, чым тыя кнігі, якія ён напісаў? Каб упэўніцца ў гэтым, трэба прачытаць яго аўтабіяграфічную аповесць «Шлях з цемры». Яе не назавеш дзіцячай або толькі творам для дзяцей. Ян цікавая і павучальная аднолькава як для дзяцей, так і для дарослага чытача. І напісана яна так, што будзеш чытаць яе, не адрываючыся, як займальную прыгодніцкую кнігу.

Янка Маўр нарадзіўся ў 1883 годзе 28 красавіка (10 траўня па новым стылі) у латвійскім горадзе Лібава (цяпер Ліепая), куды ў пошуках лепшай долі накіраваўся яго бацька, беззямельны беларускі селянін, адстаўны салдат руска-турэцкай вайны... Захаваліся звесткі (і на іх спасылаўся і Алесь Якімовіч у сваёй прадмове да збору твораў Янкі Маўра), што да салдацкай службы бацька Маўра меў прозвішча Ільін… «Але, відаць, нейкі вайсковы пісару спешцы не дапісаў прозвішча салдата Міхаіла Фёдараві Ільіна, і ён стаў проста Фёдаравым. Гэтае прозвішча і дасталося сыну».

Лёс не быў прыхільным да будучага пісьменніка. Стэльмах Лібаўскага порта, бацька Янкі Маўра памёр вельмі рана, і маці з сынам вымушана была вярнуцца назад у родную вёску Лебянішкі. (У аповесці «Шлях з цемры» яе назва Гнілушкі.) там і прайшлі яго дзіцячыя гады. Адтуль і «пайшоў ён у людзі». Зарабляючы падзёншчынай — хто што дасць за работу, абы толькі было чым накарміць і прыкрыць сына — гэтая добрая самаахвярная маці здолела, аднак, першай з тых панылых Гнілушак аддаць свайго 9-гадовага сына ў навуку, у пачатковую школу. Адважылася паслаць яго аж за трыццаць пяць вёрст ад дому…

У 1895 годзе Янка Маўр скончыў пачатковую школу і здолеў паступіць у Ковенскае рамеснае вучылішча. «Здолеў» зноў жа толькі дзякуючы звышсілы намаганням і клопату свае маці.

Гады вучэння ў рамесным вучылішчы былі бадай самымі змястоўнымі, самымі цікавымі ў біяграфіі пісьменніка. Тут ён упершыні ў жыцці адкрыў для сябе дзівосны свет Кнігі — свет Мастацкага Слова. Гэты свет здзівіў і захапіў яго, і ён ужо не мог марыць ні пра што іншае, як толькі пра далёкія незнаёмыя краіны і захапляльныя падарожжы па слядах славутых герояў Жуля Верна, Майн Рыда, Фенімора Купера… Затым у яго адбылася і запаланіла яго стрэча з апавяданнямі Тургенева «Запіскі паляўнічага»! Ён чытаў без разбору ўсё, што трапляла пад руку: Дарвіна, Маміна-Сібірака, Купрына, Буніна, Гарына-Міхайлоўскага, Іаксіма Горкага…

У 1899 годзе, нарэшце, было скончана і рамесніцкае вучылішча. Матчына мара здзейснілася! Яе сын выйшаў у людзі!.. Аднак падмайстру па слясарнай справе месца працы па тым часе не знайшлося, і ён застаўся тым, кім быў і да — нікім і нічым — бяспраўным і бяздомным Іванам Фёдаравым…

І зноў кланялася бедная маці і каму толкі не служыла яна, каб толькі ўладкаваць адзінага свайго сына… І слесар-падмайстар паступіў «на казённы кошт» у настаўніцкую семінарыю ў літоўскім гарадку Панявежыс.

У семінарыі Маўр ужо больш свядома арыентуецца ў рэлігійных і сацыяльных пытаннях, чытае нелегальную літаратуру, знаёміцца з рэвалюцыйна настроенай моладдзю… Даведаўшыся пра яго «неблагонадежность», начальства выключае Маўра з апошняга курса, а паліцыя бярэ з яго падпіску больш не паказвацца ў семінарыі сярод студэнтаў, каб не ўплываць на іх норавы і паводзіны. Усё гэта разам узятае азначала толькі адно: дзверы школы перад Іванам Фёдаравым былі зачынены… І ўсё роўна, працягваючы сваю палітычную самаасвету, ён настойліва рыхтуецца і да здачы экзаменаў экстэрнам таксама за курс семінарыі.

І калі здаў усё ж экзамены, яму было прысвоена званне памочніка… усяго толькі памочніка (!) настаўніка. Вышэй узняцца перашкаджала рэрутацыя «палітычна неблаганадзейнага…». Ад гэтай рэпутацыі ён, аднак, не збіраўся адмаўляцца: і калі ў 1906 годзе ў Мікалаеўшчыне па ініцыятыве Якуба Коласа сабраўся першы нелегальны з’езд настаўнікаў, сярод удзельнікаў гэтага з’езда быў і памочнік настаўніка Мван Фёдараў.

(NB ад Рэдакцыі. Праўнучка пісьменнікаў Янкі Маўра і Якуба Коласа Васіліна Міцкевіч у сваіх успамінах «Пісьменнік, эсперантыст, медыум і “геніяльны дзед” Янка Маўр» згадвала аб тым перыядзе: «Настаўніцкі з’езд стаў самай яркай падзеяй у дакастрычніцкай біяграфіі Івана Фёдарава. Удзельнікі з’езда падтрымлівалі добрыя адносіны і пасля. У фондах Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа ёсць фотаздымак 1926 года, які сведчыць аб сустрэчы настаўнікаў — удзельнікаў нелегальнага з’езда праз 20 гадоў пасля яго. Настаўніцкаму з’езду Янка Маўр прысвяціў артыкулы «Сорак гадоў назад» і «Як я пазнаёміўся з Якубам Коласам». Сваю ролю ў гэтай падзеі ён лічыў вельмі сціплай. Нелегальны настаўніцкі з’езд знайшоў сваё адлюстраванне і ў трылогіі Якуба Коласа «На ростанях». Прататыпам аднаго з герояў — Івана Тадорыка, чалавека з «выдатнымі здольнасцямі», — быў Іван Фёдараў.

З тых часоў паміж прадзедамі завязалася сяброўства, якое яны пранеслі праз усё жыццё. Падчас Вялікай Айчыннай вайны Якуб Колас перажываў цяжкія гады эвакуацыі ў Ташкенце, Янка Маўр — у Алма-Аце. У лістах пісьменнікі дзяліліся сваімі перажываннямі, творчымі планамі, марамі, радасцямі і горам. Якуб Колас падтрымліваў Янку Маўра не толькі маральна, але і матэрыяльна. Так, ён выслаў яму грошы, якія патрабавалі за навучанне малодшай дачкі Янкі Маўра — Наталлі. Пасля вайны яна стала нявесткай Якуба Коласа, бо ўзяла шлюб з яго малодшым сынам Міхасём. Такім чынам Якуб Колас і Янка Маўр парадніліся».)

***

…Я належу да таго пакалення людзей, чыё дзяцінства кнігі Маўра поўнілі шчаслівым жыватворным захапленнем ад нечаканых адкрыццяў і пазнавання незнаёмага дзівоснага свету.

Па падручніку геаграфіі, з указкай у руцэ, калі на ўсю амаль сцяну карты — што тут казаць? — мы не заўсёды ўмелі беспамылкова знайсці, «адкрыць» у бясконца далёкім Ціхім акіяне гэтакія ж далёкія і невядомыя астравы, як, скажам, Ява, Барнэо, Цэлебес, Суматра… Якое гучанне…

Знаходзілі — не знаходзілі, але звінеў званок з урока — і на гэтым навука і адкрыцці канчался…

І вось аднойчы, у адзін са шчаслівейшых дзён твайго жыцця, раптам са школьнай бібліятэчнай паліцы знялі і падалі табе ў рукі ўжо як зусім даросламу чытачу кнігу «У краіне райскай птушкі»… Ты адолеў яе за адзін дзень і вечар (дзеля ісціны заўважым, зусім забыўшы вывучыць урокі на заўтра).потым ты прачытаў другую кніжку Янкі Маўра — «Сын вады». А потым ужо і зусім «дарослую» — раман «Амок». (Прычым ты не ведаў яшчэ, дзе трэба правільна ставіль націск у гэтай незразумелай назве, і чытаў яго — і падсвядома так ён і застаўсяў цябе на ўсё жыццё — як «Амо́к», а трэба «А́мок»... (Магчыма, тут адрукоўка, бо тады па беларускім правапісе атрымліваецца — «А́мак». — Рэд.)).

Божа мой, ты чытаў, ты забываў усё на свеце — і перад тваім узрушаным уяўленнем так выразна і так бачна з’яўляліся тыя ж самыя астравы і краіны ў Ціхім акіяне, якія на ўроку геаграфіі, поўзаючы па карце, ты шукаў гэтак падоўгу і не заўсёды знаходзіў іх… А яны ж — вось яны былі! Ява, Барнэо, Суматра…

…Але ў кнігах Янкі Маўра ты не проста знайшоў гэтыя астравы і гэтыя краіны — там ты адразу ж і адшукаў сабе сяброў. І сам стаў адданым сябрам гэтых цемнаскурых, адважных, высакародных людзей.стаў здольным сам пайсці ім на дапамогу, а калі трэба, дык і на смерць — у барацьбе за Праўду, Волю і Роўнасць усіх людзей на зямлі…

Кнігі Янкі Маўра знаёмілі беларускіх дзяцей (ды і не толькі дзяцей беларускіх — яны перакладаліся на мовы народаў СССР і замежных краінах) з жыццём і барацьбой за незалежнасць народаў Інданэзіі, Цэйлона, Новай Гвінеі.

Раман «Амок» быў першым раманам для дзяцей. У аснове яго ляжаць гістарычныя падзеі — захоп галандскага вайсковага карабля «Саардам» і паўстання яванскага народа супраць каланізатараў на востраве Ява ў 1926 годзе.

…Ну, а што яшчэ пакінуў Янка Маўр сваім чытачам?

Ды цэлую бібліятэку!..

Разам з Маўрам у дзіцячай літаратуры тэматыка не проста пашыралася, — яна выйшла далёка за берагі звычна нацыянальных з’яў і вобразаў. Маўр прыйшоў у дзіцячую літаратуру яшчэ і як першаадкрывальнік новых жанраў.напрыклад — навукова-папулярнага жанра — яго аповесць «Чалавек ідзе». Усімі, без выключэння, дзецьмі (ды і не толькі дзецьмі — дарослыя таксама) любімы прыгодніцкі жанр бліскуча выявіў сябе, як у яго «экзатычных» творах. Пра якія гаворка ішла вышэй, гэтаксама і ў яго славутых «Палескіх рабінзонах» — кнізе пра хараство і багацце беларускага Палесся, пра мужнасць, адвагу і высакароднасць яго людзй, яго галоўных герояў — хлапчукоў Мірона і Віктара. «Палескія рабінзоны» экранізаваліся — іх глядзелі, імі захапляліся з экрана не адны дзеці.

Аповесць «ТВТ» («Таварыства ваяўнічых тэхнікаў»).

(NB ад Рэдакцыі. «ТВТ» сюжэтна пераклікаецца з вядомым савецкім творам Аркадзія Гайдара «Цімур і яго каманда». На гэтай падставе вульгарызатары 30 – 40-х гадоў, якія крытыкавалі «ТВТ», папракалі аўтара ў перайманні Гайдара. Аднак аповесць «Цімур і яго каманда» была напісана на шэсць (!) гадоў пазней за «ТВТ» Янкі Маўра.)

Давайце на хвіліну прыпынімся і пагартаем старонкі гэтай аповесці. Пачытаем і ўспомнім, хто ведаў і памятае Маўра, само гучанне Маўравага слова, яго гумар, гарэзлівую ўсмешку яго прыжмураных вачэй, якія, здавалася, бачылі людзей, свет і жыццё наскрозь. Паслухаем Маўрава слова:

«Загаманіў свет і падзяліўся на дзве часткі.

— Вось гэта я разумею! — казалі ў адной частцы свету. — Цяперашняя моладзь не будзе гэтакай бездапаможнай, як мы. Усё сама зробіць.

А ў другой частцы свету чуліся іншыя галасы:

— Ну, калі мужчыны пачнуць панчохі цыраваць ды кашулі латаць, а жанчыны пры́мусы ды боты рамантаваць, тады парадку не будзе. Спрадвеку кожны займаўся сваёй справай.

Трэба ўсё ж адзначаць, што ў гэтай другой частцы свету налічвалася вельмі мала народу…».

…Як бачым, жартаўлівае прадказанне Маўра дзесяцігоддзі таму назад у наш ужо час збылося ўсур’ёз: жанкі не толькі рамантуюць прымусы і боты, нават самалёты рамантуюць і лётаюць у космас… А мужчыны таксама набылі сабе небясхлебнае, сур’ёзнае і заўсёды надзейнае становішча: хто, скажам, цяпер узначальвае ўсе самыя што ні на ёсць жаночыя справы і заняткі на ой ці іншай кандытарскай або галантарэйнай нашай «Камунарцы» або «Камсамолцы»?Вядома ж, майстры — мужчыны!..

Паўтару яшчэ раз: пасля Маўра засталася цэлая бібліятэка кніг. «Шлях з цемры», «Аповесць будучых дзён», «Фантамабіль прафесара Цылякоўскага», кніга апавяданняў «Слёзы Тубі», п’есы. Пераклады, публіцыстыка, палітычныя памфлеты і фельетоны…

І яшчэ адна неацэнная заслуга Янкі Маўра — гэта яго палымяная ініцыятыва і падтрымка ў стварэнні кнігі «Ніколі не забудзем», напісанай самімі дзецьмі, якія выцерпелі жахі фашысцкіх канцлагераў і няволі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Ніколі не павінны забыць гэтыя пакуты дзяцей, павінны ведаць і памятаць пра іх — усе людзі на зямлі. У імя таго, каб яны не паўтарыліся ў другі час, з іншымі дзецьмі.

У гэтым быў галоўны сэнс кнігі беларускіх дзяцей «Ніколі не забудзем».

***

Янка Маўр, як не кожны з дзіцячых пісьменнікаў, умеў радавацца дзіцячаму шчасцю. У яго ёсць і апавяданне пад такой назвай — «Шчасце»…

Хлапчуку маці купіла новую шапку. І вось ён ідзе, перапоўнены сваёй дзіцячай радасцю, і не ведае, як і каму расказаць пра яе. А расказаць хочацца ўсім! Кожнаму стрэчнаму хочацца расказваць пра яе: «Глядзіце, якая ў мяне шапка!».

І вось адным такім стрэчным быў якраз аўтар гэтага апавядання, таксама шчаслівы чалавек — у той дзень прыветна свяціла сонца і так звінелі птушкі ў небе і смяяліся травы і кветкі!..

І вось яны параўняліся, два шчаслівых чалавекі, прыпыніліся і паглядзелі адзін аднаму ў вочы, чакаючы кожны яшчэ і нейкіх незвычайных слоў…

— кая ў цябе цудоўная, брат, шапка! А казырок як блішчыць! — здагадаўся і не стрымаў свайго захаплення старэйшы…

— Гэта мама мне купіла! — яшчэ больш заззяў малодшы і подскакам, доўга яшчэ азіраючыся, далей паімчаў на «бярозавым кані» — па раздольнай дарозе сваайго дзяцінага бязмежнага шчасця.

Я чула гэтае апавяданне з вуснаў самога Янкі Маўра некалі ў нашых Каралішчавічах (пісьменніцкім Доме адпачынку непадалёк ад Мінска. — Рэд.), яшчэ да таго, як яно было апублікавана. І трэба было бачыць, якім шчаслівым, як дзіця, ён адчуваў сябе, сам расказваючы пра тую выпадковую шапку!

Думаю, што толькі такім і мог быць пісьменнік, які ўсе свае кнігі напісаў дзецям і пра дзяцей.

1983 г.

газэта "Літаратурная Беларусь" №5, 2023 г.




Файлы: 63151-1-2-3.pdf (2202 Кб)


75
просмотры





  Комментарии
нет комментариев


⇑ Наверх