Міхаіл СТАЛЯРОЎ ЛІТАРАТУРА


Вы здесь: Авторские колонки FantLab > Авторская колонка «slovar06» > Міхаіл СТАЛЯРОЎ. ЛІТАРАТУРА КРЫЛАТАЙ ДУМКІ. 1960
Поиск статьи:
   расширенный поиск »

Міхаіл СТАЛЯРОЎ. ЛІТАРАТУРА КРЫЛАТАЙ ДУМКІ. 1960

Статья написана 23 апреля 2023 г. 21:09

Сёння, калі развіццё сучаснай навукі дасягнула небывалых вяршынь, марыць пра будучыню пісьменнікам-фантастам стала і вельмі лёгка, і вельмі цяжка.

Лёгка таму, што бясконца разнастайныя навуковыя пытанні і праблемы ўзнікаюць у сувязі з хуткім развіццём хоць бы навейшых галін даўно вядомых навук — матэматыкі, фізікі, хіміі.

Цяжка таму, што той, хто піша навукова-фантастычныя творы, павшей спалучаць у сабе якасці мастака і вучонага, жыва, захапляюча расказваць пра людзей і тэхніку будучыні, расказваць па-мастацку ўсхвалявана і навукова абгрунтавана.

У нашы дні, калі касмічныя прасторы перасталі быць для савецкага чалавека недасягальнымі, калі кавалачак металу, выплаўленага на савецкай зямлі, апынуўся ў выглядзе вымпела з літарамі «СССР» на нядаўна яшчэ далёкім Месяцы, намнога бліжэйшымі сталі для нас Сонца і іншыя целы сусвету. Тэма асваення, вывучэння космасу становіцца адной з галоўных тэм навукова-фантастычнай мастацкай літаратуры. Ёсць падставы спадзявацца, што гэтая тэма з'явіцца тым моцным штуршком, які ажывіць цудоўны літаратурны жанр, так незаслужана забыты многімі пісьменнікамі, што спрабавалі свае сілы ў ім. Менавіта з гэтай тэмай звязана, хоць і парознаму, большасць навукова-фантастычных твораў, якія паявіліся за апошнія пяць—шэсць год. Сярод іх — «Фантамабіль прафесара Цылякоўскага» Я. Маўра, «Туманнасць Андрамеды» I. Яфрэмава, «Шосты акіян» М. Гамолкі. Грунтуючыся на матэрыяле гэтых кніг, паспрабуем вызначыць тыя асноўныя патрабаванні, якія прад'яўляюцца да кожнага навукова-фантастычнага мастацкага твора.

Першым з гэтых патрабаванняў трэба назваць смеласць навуковай гіпотэзы, дзёрзкае прадбачанне, якое расхінае заслону будучыні. I. Яфрэмаў у рамане «Туманнасць Андрамеды» зрабіў цікавую спробу паказаць жыццё людзей камуністычнага грамадства праз сотні і сотні год, у эру, названую пісьменнікам «Эрай Вялікага Кальца», калі ўсе народы Зямлі, прайшоўшы праз стагоддзі барацьбы за новы свет, сталі «адзінай, дружнай і мудрай сям'ёй». Палёты на аддаленыя планеты і нават зоркі паказаны, як адзін з бакоў працоўнай дзейнасці людзей. Змяніўшы аблічча сваёй планеты, людзі думаюць аб перабудове іншых планет і нават цэлых планетных сістэм. Гэта сапраўды прыгожае і дзёрзкае імкненне.

У беларускай літаратуры пасляваенных год першы адгукнуўся на запатрабаванні часу Янка Маўр, які адчуў неабходнасць расказачь юным чытачам аб палётах на Месяц і на Марс, аб неабмежаваных магчымасцях чалавечага розуму і фантазіі. Герой яго навукова-фантастычнай аповесці прафесар Цылякоўскі вынайшоў і пабудаваў машыну — фантамабіль, якая рухаецца энергіяй фантазіі. Ўнукі прафесара Святлана і Светазар робяць на фантамабілі падарожжы над Зямлёй і ў космасе. Ідэя Цылякоўскага простая: фантазіраваць — значыць думаць, выпраменьваць энергію. Імпульсы мозгу можна ператвараць у іншыя віды энергіі, у прыватнасці, у механічную энергію, падобна да таго, як слабыя радыёхвалі можна ператвараць у гукі, у відочныя вобразы, выкарыстаць для кіравання механізмамі на адлегласці. Казачна? Так. Але не толькі казачна, a і смела, паэтычна. Фантамабіль уяўляецца зусім рэальнай машынай будучыні.

На наш погляд, Янка Маўр не зіусім даклална вызначыў жанр' свайго твора. Гэта не аповесць, а хутчэй навуковая казка, пра якую ён сам вуснамі прафесара Цылякоўскага гаворыць: «Навуковыя казкі адрозніваюцца ад народных тым, што ў народных непраўдападобнымі звычайна бываюць усе факты, а ў навуковай можа быць непраўдападобным які-небудзь адзін, асноўны».

Смеласць навукова-фантастычнага твора цесна звязана з эрудыцыяй пісьменніка. Чым глыбейшыя будуць яго веды ва ўсіх галінах навукі, тым больш надзённых навуковых, тэхнічных, псіхалагічных, сацыяльных праблем здолее закрануць ён у сваім творы. У гэтым можна пераканацца на прыкладах лепшых навукова-фантастычных кніг. У «Туманнасці Андрамеды» I. Яфрэмава аб'ектамі роздуму і фантазіі пісьменніка становяцца новыя навукі і новае мастацтва, якія ўзнікнуць пры камунізме, новыя ўзаемаадносіны людзей і новыя метады кіравання грамадствам. Можна спрачацца супраць гіпотэз пісьменніка, але нельга не прызнаць шырыню светаадчування і глыбіню яго навуковых ведаў.

Вядома, і ў «Туманнасці Андрамеды» ёсць свае недахопы. Так, напрыклад, не паказаны побыт чалавека камуністычнага грамадства, спрэчным з'яўляецца пытанне пра сям'ю, як яго тлумачыць Яфрэмаў, і г. д. Але гэта не змяншае шырыні карціны, намаляванай пісьменнікам, а толькі дае прастору для творчай спрэчкі.

Янка Маўр у сваёй аповесці закранае іншае кола пытанняў. Але фантазія абодвух пісьменнікаў сыходзіцца ў адным: Мвен Мае у I. Яфрэмава шукае магчымасці пераадолення прасторы шляхам стварэння нуль-прасторы, а ў Я. Маўра прафесар Цылякоўскі знаходзіць спосаб яе пераадолення шляхам стварэння звышхуткаснага рухавіка ў ідэале, які дазваляе дасягнуць хуткасці думкі, г. зн. такой хуткасці, якая ў непамерную колькасць разоў перавышае вядог мую чалавеку хуткасць святла. Зразумела, у кнігах няма тэхнічных падрабязнасцей. У Я. Маўра мы не знойдзем тлумачэння ўмоў руху фантамабіля і спосабу прыстасавання чалавечага арганізма да звышхуткасці; у I. Яфрэмава пасля гіганцкай катастрофы нейкім чынам застаюцца жывыя і Мвен Mac, і Рэн Боз. Але ніхто, вядома, не ўздумае дакараць аўтара за гэта. Важна, каб сама ідэя была народжана палымянай чалавечай марай.

У аповесці Я. Маўра ёсць цікавыя па сваёй смеласці думкі — як, напрыклад, ідэя аб «размоўных шапках» — апаратах, якія дазваляюць размаўляць з людзьмі любой мовы і разумець іх, або думка аб стварэнні асаблівага, звыштрывалага матэрыялу «фантазіту», «які мацней за ўсе металы на зямлі». Ужо сёння гэтая думка пераклікаецца з навейшымі дасягненнямі тэхнікі, якая знайшла спосаб здабываць чыста крышталічнае жалеза, лепшае па сваіх якасцях за ўсе сталі i сплавы.

Аднак не ўсе гіпотэзы ў аповесці пісьменніка арыгінальныя. Напрыклад, расказ аб прыродных умовах Месяца хоць і адпавядае навуковым поглядам, але не выклікае цікавасці, таму што шмат разоў гэтае пытанне асвятлялася ў літаратуры. I яшчэ — навука даўно ўзяла пад сумненне існаванне на Марсе «Каналаў Скіапарэлі», але довады супраць іх існавання, што прыводзяцца ў аповесці, не пераканальныя, бо нельга адмаўляць «каналы» толькі на той падставе, што іх не ўбачылі Святлана і Светазар.

У рамане М. Гамолкі «Шосты акіян» расказваецца аб стварэнні штучных спадарожнікаў і аб палёце на Месяц. Як бачым, бярэцца зусім блізкая, нават, можна сказаць, надзённая тэма. Ды і аўтар датуе падзеі рамана 196... годам. Але справа, безумоўна, не ў даце, а ў тым, што новае, «заўтрашняе» паўстае перад чытачом увачавідкі.

Блізкае «заўтрашняе» — гэта савецкія людзі на Месяцы. Геліа-ўстаноўкі з крышталічнага крэмнію, касмічныя касцюмы, фатонныя рухавікі, штучныя спадарожнікі — лабараторыі і ракетадромы — расказ аб усім гэтым мае пазнавальнае значэнне, хоць многае ў творы здаецца вельмі знаёмым. Гэта і зразумела — мы нямала чыталі ў газетах і часопісах пра ўсе апошнія тэорыі, здагадкі, пошукі. Праўда, ёсць у «Шостым акіяне» і цікавыя гіпотэзы, напрыклад, аб магчымасці адрыву Плутона ад сонечнай сістэмы, аб магчымасці ператварэння астэроіда Гермеса ў спадарожніка Зямлі шляхам змянення яго арбіты. Але першая з памянёных гіпотэз з сюжзтам рамана зусім не звязана, а другая — аб Гермесе — магла б вельмі ўзбагаціць кнігу, калі б яе развіць надежным чынам. На жаль, у творы яе засланілі малацікавыя паходжанні, звязаныя з прыгодамі шпіёна Назарава.

Прыходзіцца прызнаць, што смелай фантастыкі ў рамане «Шосты акіян» няма. У гэтым малады пісьменнік значна саступае Я. Маўру. Але ў творы ёсць пазнавальны матэрыял, разлічаны ў асноўным на пэўнага чытача — на дзяцей сярэдняга ўзросту. У болыпасці выпадкаў пісьменнік Імкнецца навукова абгрунтаваць свае гіпотэзы, хоць яму гэта не заўсёды ўдаецца. У якасці прыкладу можна прывесці ні на чым не заснаванае сцверджанне аб залежах урану на Месяцы. Гэтае меркаванне ўведзена толькі для ўскладнення сюжэта, на ім пабудавана прыгодніцкая лінія другой часткі рамана, дзе паказваецца пагоня амерыканскіх бізнесменаў за важнай энергетычнай сыравінай. I трэба адзначыць, што ўсе недарэчнасці адбываюцца якраз там, дзе пісьменнік малюе прыгоды сваіх герояў. Тут дзеля ўяўнай займальнасці іншы раз прыносіцца ў ахвяру не толькі навуковасць і праўда, але нават і простае праўдападабенства. Вось тут нельга не пагаварыць аб месцы і значэнні прыгод у навукова-фантастычным творы.

Прыгоды — гэта захапляючыя здарэнні, заўсёды нечаканыя, непрадбачаныя, поўныя небяспекі, рызыкі, радасцей адкрыцця новага. Без прыгод немагчыма навуновая фантастыка.

Але прыгоды бываюць розныя. У навукова-фантастычным творы галоўнае, калі не выключнае месца павінны займаць прыгоды не пабочныя, а звязаныя з навуковымі праблемамі, пастаўленымі ў кнізе. У гэтых адносінах цікава пабудавана прыгодніцкая лінія ў «Туманнасці Андрамеды». 3 вялікім напружаннем сочыць чытач, напрыклад, за барацьбой астранаўтаў з невядомай грознай і змрочнай прыродай «Шалезнай зоркі» і жудаснымі насельнікамі гэтай планеты, за грандыёзным, хоць і няўдалым доследам Мвена Маса, за даследаваннямі Веды ў пячоры.

У «Фантамабілі прафесара Цылякоўскага» іўсе прыгоды лагічныя, праўдзівыя, кожная мае пэўную мэту і характарызуе або герояў або цудоўную машыну. I ўсё ж іх можна падзяліць на дзве групы: на цікавыя, захапляючыя і нецікавыя, якія пакідаюць чытача раўнадушным. Цікавыя і захапляючыя заўсёды толькі прыгоды нечаканыя. Да такіх можна аднесці першы палёт Светазара і Святланы да зімоўшчыкаў з прэпаратам крыві для выратавання палярніка. Самыя ж лепшыя старонкі — гэта прыгоды дзяцей на Марсе. Пісьменнік расказвае аб прыродзе Марса ў адпаведнасці з тымі дадзенымі, якія мае сучасная навука аб прыродных умовах гэтай «няўтульнай планеты». Я. Маўр насяляе Марс насякомымі, птушкамі, рыбамі. Найбольш развітымі жывымі істотамі з'яўляюцца «яхі», якія валодаюць нават зачаткамі мовы. Не будзем спрачацца з аўтарам, хоць тут узнікае рад пытанняў: як маглі развіцца нават такія разумныя істоты ў суровых прыродных умовах, адкуль ім вядомы агонь і як яны яго страцілі, і, нарэшце, што ўяўляюць з сябе «яхі» — пачатак эвалюцыі гэтага тыпу нсывёл ці яе канец, выкліканы ахаладясэннем Марса і збядненнем яго прыроды. Але ва ўсякім выпадку, гіпотэза прыводзіцца новая, а таму і прыгоды займальныя і новыя. У іх выразна праяўляецца характар савецкіх дзяцей, асабліва Светазара, які не жадае бачыць «паноў» на Марсе і смела ўстанаўлівае справядлівы «грамадскі лад» сярод яхаў.

Мала цікавымі здаюцца прыгоды Светазара і Святланы ў Амерыцы, таму што тут пісьменнік не расказвае чытачу нічога новага. Пра становішча бедных фермераў, пра бяспраўе неграў можна прачытаць і ў газетах, ці варта для гэтага выкарыстоўваць фантамабіль?!

Апошнюю старонку аповесці Я. Маўра перагортваеш з пачуццём чакання: здаецца, самае цікавае яшчэ наперадзе, там, дзе ажыццёвіцца абяцанае аўтарам «падарожжа на такую планету, як наша Зямля». Чытач чакае працягу аповесці.

Ёсць цікавыя прыгоды і ў «Шостым акіяне» М. Гамолкі, асабліва такія, як знаходжанне Макса Вела за бортам касмічнай ракеты, апісанне магнітнай буры на сонцы ў час палёту ракеты «Вулкан» на Месяц і яе вынікаў для астранаўтаў. Але ёсць і такія, якія не звязаны з навукова-фантастычнай тканінай рамана і выглядаюць зусім лішнімі. Гэта, у першую чаргу, прыгоды амерыканскага вынаходніка Вілі Рэндала на караблі «Чорная страла». Сумленны інжынер абурыўся намерам капіталіста Уолтара выкарыстаць сканструяваную ім касмічную ракету для нападу і захопу штучнага спадарожніка «Малога Месяца» і вырашыў уцячы са Штатаў. Як бачым, у навуковую фантастыку тут уводзяцца грамадскія, палітычныя матывы, што зусім правамерна. Але самі прыгоды пазбаўлены арыгінальнасці і здаюцца безгустоўным пераказам знаёмага. Вілі грыміруецца пад кіраўніка завода і, абдурыўшы паліцэйскіх, забірае свой атамны пісталет. Міжволі прыгадваюцца старонкі з «Гіпербалоіда інжынера Гарына» А. Талстога, дзе адбывалася нешта вельмі падобнае.

Мала верагодным здаецца ўсё, што здарылася з Рэндалам на электраходзе. Зусім наіўнымі, архаічнымі атрыбутамі аванцюрнага твора з'яўляюцца гадзюка і страла, пры дапамозе якіх робіцца замай на Рэндала. Як тут не ўспомніць прыгоды Шзрлака Холмса, «Стракатую стужку» і іншае! Усё гэта нельга апраўдаць тым, што раман разлічаны на юнага чытача — менавіта ў дзяцей варта выхоўваць добры мастацкі густ і здаровую зацікаўленасць сапраўды разумнымі прыгодамі. Добрая навукова-прыгодніцкая аповесць не адрасуецца пэўнаму ўзросту. Кнігі Г. Уэлса, Ж. Верна, А. Бяляева, А. Талстога з аднолькавым захапленнем чытаюць дарослыя і дзеці. А ў рамане М. Гамолкі нават дзеці могуць заўважыць непраўдападобныя сітуацыі. Напрыклад, нельга ўявіць сабе, каб хлопчык Алег Дрозд змог кіраваць ракетай, каб ракета паляцела з... незачыненымі дзвярамі, або каб шпіён Баброў, без трэніроўкі, трапіўшы ў «Вулкан», паводзіў сябе таксама, як астатнія, умеў апранаць складаны касмічны касцюм і карыстацца ім.

Дарэчы, пра шпіёнаў. Навуковая фантастыка мае такія багатыя магчымасці зацікавіць чытача, што можа абысціся і без шпіёнскіх інтрыг. Апрача таго, пісьменнік павінен быць чулым да голасу часу. Зусім відавочна, што настае пара, калі для далейшага прагрэсу чалавецтва неабходна цеснае супрацоўніцтва вучоных усіх краін. Пра гэта нястомна клапоцяцца наша партыя, савецкі ўрад, на міралюбівае творчае супрацоўніцтва накіравана ўся палітыка нашай дзяржавы. Аб гэтым шмат разоў гаварыў Мікіта Сяргеевіч Хрушчоў.

Петров Эдуард

#606 позавчера в 23:45цитировать

продолжение:

Не злыя намеры, а мірнае супрацоўніцтва вучоных заслугоўвае заняць месца на старонках навукова-фантастычных кніг. Гэта неабходна і ў выхаваўчых мэтах. Празмернае захапленне «шпіёнскімі» кнігамі часам выклікае ў дзяцей няправільныя ўяўленні. Адна з высакародных мэт навукова-фантастычнай літаратуры—паказаць, што не шпіёны рухаюць навуку, а вучоныя, прывіць вучням павагу да вучобы, раскрьіць перад імі вялікае значэнне аб'яднаных намаганняў вучоных розных краін дзеля агульнай карысці ўсіх народаў. Яго яшчэ няма, гэтага ўсеагульнага супрацоўніцтва, але гэта такая важная справа, аб якой варта памарыць.

Навуковая фантастика — жанр мастацкай літаратуры. Таму і ў ім першаступеннае значэнне маюць жывыя чалавечыя характары. У кнізе, як і ў жыцці, галоўнае — чалавек. У навукова-фантастычных творах, якія малююць карціну далёкай будучыні, стварыць жывы мастацкі вобраз не так лёгка. Тут усё залежыць ад светапогляду мастака. Буржуазнаму пісьменніку, які назірае вакол сябе разлажэнне і ўпадак, будучыня ўяўляецца ў яшчэ болын змрочным святле. Так паяўляюцца ў творах галавастыя вырадкі з гіпертрафіраваным мозгам і атрафіраванай душой, накшталт герояў Г. Уэлса. Савецкі пісьменнік бачыць будучыню, асветленую сонцам камунізма, а людзей — дужымі, смелымі, справядлівымі, сумленнымі, гарманічна развітымі. Такімі намаляваў іх у сваім рамане I. Яфрэмаў.

Героі Яфрэмава — з'ява новая ў сучаснай літаратуры і амаль выключная, яшчэ ніхто не спрабаваў да яго зазіраць так далёка наперад.

У большасці ж навукова-фантастычных твораў апошняга часу дзейнічаюць, як правіла, нашы сучаснікі або людзі бліжэйшай будучыні. Але, захапіўшыся навуковай гіпотэзай, тэхнічнай праблемай або вынаходніцтвам, пісьменнікі часта зводзяць герояў да ўзроўню ўмоўных фігур, схем, якія пазбаўлены жывых чалавечых рысаў. Нават у такога вопытнага пісьменніка, як Я. Маўр у аповесці «Фантамабіль прафесара Цылякоўскага» з трох герояў — прафесара, Святланы і Светазара— найбольш жыва намаляваны толькі адзін — Све-тазар. Ён надзелены пэўным характарам: гэта хлопчык разумны, цікаўны, валодае ведамі, даступнымі для яго ўзросту, смелы і рашучы. 3 якім запалам ажыццяўляе ён на Марсе «сацыяльную рэвалюцыю» ў поўнай адпаведнасці з тымі поглядамі на свет і грамадства, якія выхаваны ў ім савецкім ладам! Ён адбірае ў марсіянскага царка «бао» яго магутную зброю — агонь і аддае яго «яхам». «Не паспел! зрабіцца людзьмі, а ўжо строіце з сябе нейкіх паноў»,— гнеўна ўшчувае ён «бао» і яго блізкіх. А сястру, якая дазволіла сабе насмешку па адрасу марсіян, Светазар строга дакарае: «Ты не маеш права здекавацца з якой бы там ні было асобы, хай сабе будзе яна падобнай і да мядзведзя».

Гуманнасць' Светазара праяўляецца і ў намаганнях «прыстасаваць да сумленнага жыцця» звергнутага «бао» і яго світу.

Пра Святлану амаль няма чаго сказаць, гэта дзяўчынка наогул самастойным характарам у аповесці не надзелена.

Прафесар Цылякоўскі вонкава апісаны падрабязна — гэта шаноўны васьмідзесяцігадовы стары, энергічны, добры, уважлівы. Сёетое гаворыцца аб яго біяграфіі, якая вельмі падобна (як і прозвішча) да біяграфіі вялікага вучонага, летуценніка і геніяльнага вынаходцы Канстанціна Эдуардавіча Цыялкоўскага. Пётр Трафімавіч Цылякоўскі — у мінулым настаўнік гімназіі, які траціў увесь свой заработан на навуковыя доследы; цяпер ён—прызнаны светам вучоны. Але ў кнізе яго роля абмяжоўваецца тым, што ён расказвае, рас-тлумачвае, г. зн. з'яўляецца своеасаблівым аўтарскім рупарам. Інакш кажучы, гэта службовая фігура, а не дзейная асоба.

А якімі паказаны людзі недалёкага заўтра ў рамане «Шосты акіян»? На жаль, і на іх вобразах адчуваецца выразны адбітак штампу. Акадэмік Дзянісаў, спакойны, упэўнены, смелы вучоны, якім і павінен быць начальнік экспедыцыі на Месяц. Алег — таксама смелы і таксама валявы. Зіна і Наташа — персанажы службовыя, уведзеныя для «ажыўлення» сюжэта.

У другой частцы рамана вялікую сімпатыю выклікае вобраз штурмана амерыканскай ракеты негра Роба Пітэрса — чалавека гордага, але справядлівага. Па сваёй дабраце ён выратоўвае на Месяцы ад смерці капітана ракеты, авантурыста Поля Арноля, але рашуча спыняе яго спробы ўстанавіць на Месяцы парадкі паўднёвых штатаў.

Паколькі ў рамане паказаны людзі хоць і недалёкай, але ўсё ж будучыні, не хацелася б бачыць ся-род іх ні бюракрата і самадура, якім паказаны дырэктар Астранамічнага інстытута Мельнік, што спадзяецца больш на «сувязі», чым на свой аўтарытэт вучонага, ні начальніка радыёлакацыйнага цэнтра жуліка Фёдарава. Іх, як вядомага ўсім Пабеданосікава, абавязкова адкіне прэч — і вельмі хутка — «машына часу».

Далёка не ўсе старонкі нашай навуковай фантастыкі «дацягваюць» да ўзроўню мастацкага твора. Пісьменнікі, якія працуюць у гэтым жанры, не абцяжарваюць сябе карпатлівай працай над стварэннем мастацкага характару, над стылем твора. Толькі гэтым можна вытлумачыць спрошчанасць у абмалёўцы характараў герояў, безгустоўнасць і схематызм у пабудове сюжэта.

Сучасны чытач, непасрэдны ўдзельнік многіх пераўтварэнняў, зразумела, чакае ад пісьменніка ўсхваляваных кніг, якія вучылі б яго марыць, абуджалі цікавасць і любоў да навукі,. пашыралі кругагляд і вабілі б наперад, у будучыню. А выхоўваць у чалавеку імкненне да цудоўнай будучыні, да камунізма, значыць, выхоўваць у ім палымянае жаданне справай наблізіць гэтую будучыню.

У навукова-фантастычных творах мы непазбежна сустракаемся і знаёмімся з новай тэхнікай. Трэба, каб яна паказвалася ў дзеянні, як магутны сродак у руках герояў, якія карыстаюцца ёю. А пералічэнні або нават апісанні «з боку» не абуджаюць нашага ўяўлення. Вельмі многа сухіх навуковых матэматычных, астранамічных выкладак мы знаходзім і ў рамане I. Яфрэмава.

Некалькі слоў аб форме. Нават на прыкладзе трох разгледжаных твораў можна бачыць, што навукова-фантастычны змест можа «ўкладвацца» ў разнастайныя формы. У Яфрэмава знаходзім лаканічнасць апавядання, сцісласць сюжэта, хуткую змену падзей. Героі яго твора немнагаслоўныя, яны блізкія да таго, каб разумець адзін аднаго без слоў, нібы чытаючы думкі.

Я. Маўр выбраў форму прывабнай казкі, якая так добра гарманіруе з яго юнымі героям! М. Гамолка палічыў за лепшае рамкі разгорнутага рамана. А колькі яшчэ ёсць іншых форм...

Чалавек накіраваўся ў сусветную прастору. Што цягне яго ў такую бязмежную далеч? «Чалавек адважыўся пакінуць Зямлю, акунуцца ў цемру, холад, вечнае аняменне. Навошта? Каб яшчэ мацней палюбіць сваю блакітную планету, прынесці ёй сапраўдны росквіт і шчасце». Так прачула і шчыра піша М. Гамолка, але тлумачэння радаснай перспектывы тут усё ж няма. Якім чынам пазнанне космасу паслужыць росквіту і шчасцю Зямлі? Мільгае ў кнігах думка аб запасах каштоўных каменняў і золата на іншых планетах. Але ці варта вазіць іх з далёкіх зор або нават з Месяца, ці не дарагавата гэта абыдзецца? Toe ж можна сказаць i аб залежах урану, які мае да таго ж цану толькі сёння, калі навука пакуль пасцігла сакрэт рашчаплення ядра нямногіх элементаў. Заўтра яна знойдзе шляхі здабываць гіганцкую энергію, рашчапіўшы ядро, скажам, азоту або крэмнію. Не, не па золата і дыяменты накіроўваецца ў космас чалавек. 3 незапамятных часоў ён насяляў Месяц і зоркі жывымі ісготамі, часцей за ўсё людзьмі, каб не быць адзінокім у сусвеце. У гэтым адвечным імкненні ў космас са спадзяваннем адкрыць у ім жыццё было стыхійнае праяўленне матэрыялістычнага тлумачэння свету, як адзінага цэлага з адзінымі законамі развіцця.

У «Туманнасці Андрамеды» вучоны Мвен Мае гарыць палымяным жаданнем знайсці спосаб пераадолення прасторы і часу, які дае магчымасць чалавеку Зямлі паціснуць руку насельніку якой-небудзь далёкай зоркі, што знаходзіцца ад нас на адлегласці мільёнаў светавых год. I хоць дослед яго заканчваецца катастрофай, чытач пераконаны, што навуковая ідэя, якая нарадзілася з жыццё-вай необходнасці, рана ці позна стане явай. Так і трэба марыць: з вялікай смеласцю і верай у здзяйсненне мары.

Якія ж тэмы з галіны навуковай фантастыкі чакаюць сёння свайго вырашэння? Умовы палёту ў міжзорную прастору дзякуючы дасягненням савецкай навукі цяпер не могуць служыць прадметам фантастыкі, — гэта ўжо рэальнасць. Затое пісьменнікам-фантастам прадастаўляецца права і магчымасць першымі зазірнудь у нязведаны свет. Яны могуць адкрыць перад намі свет нежывы або населены. I на зямлі мы бачым вялікую разнастайнасць форм жыцця, тым больш вялікая яна можа быць у маштабах неабсяжнага сусвету.

А колькі цікавых, хвалюючых нашу моладзь тэм хаваюць у сабе адкрыцці ў галіне выкарыстання тэрмаядзерных рэакцый, цяжкай вады, вытворчасць якой звязана з велізарнай рызыкай. Нямала казачных і сапраўды фантастычных матэрыялаў могуць даць пісьменнікам факты даследаванняў паверхні Месяца і Сонца, атрыманыя пры рабоце касмічных навуковых станцый.

Нарэшце, пісьменнік можа пазнаёміць нас з насельнікамі іншых планет не толькі накіроўваючы сыноў Зямлі ў вялікія падарожжы, але і прывёўшы да нас астранаўтаў з космасу. Для навуковай фантастыкі гэта зусім не навіна. Некалі Герберт Уэлс у сваім рамане паказаў жорсткіх і крыважэрных марсіян, якія з'явіліся на Зямлю, каб заняволіць яе. Такі напрамак думак быў натуральны для мастака, які жыў у эпоху панавання капіталізма з яго воўчымі законамі. Пры цяперашнім развіцці навукі і тэхнікі народам, а паступова і ўрадам капіталістычных краін становіцца ўсё больш зразумелай непазбежнасць і неабходнасць мірнага суіснавання і супрацоўніцтва. Таму ў нашы дні тэма ўзаемаадносін паміж светамі павінна атрымаць новае, гуманістычнае гучанне. Хочацца ўбачыць, пакуль хоць бы ў кнігах, невядомых яшчэ сяброў, асабліва тых, якія, магчыма, ужо жывуць у светлым будынку, які ўзводзіцца намі, — у камунізме. А што такія ёсць, мы не пярэчым, бо не лічым сябе «вянцом тварэння», якімі б вялікімі ні былі нашы дасягненні. Мы ж, матэрыялісты-дыялектыкі. не прызнаём ніякіх «вянцоў».

3 засмучэннем аглядаем мы бібліятэчную паліцу, дзе стаіць пакуль зусім маленькая сям'я навукова-фантастычных раманаў і аповесцей. 3 нецярпеннем чакаем новых, больш мастацка дасканалых і цікавейшых, смелых па ідэі навукова-фантастычных твораў, якія хацелася б прачытаць, не адрываючыся, а потым горача паспрачацца аб прачытаным і соладка памарыць.

"Маладосць" №5 1960 г.





77
просмотры





  Комментарии
нет комментариев


⇑ Наверх