Лера Сом Суполка Вогнішча


Вы здесь: Авторские колонки FantLab > Авторская колонка «slovar06» > Лера Сом. Суполка Вогнішча (п’еса)
Поиск статьи:
   расширенный поиск »

Лера Сом. Суполка Вогнішча (п’еса)

Статья написана 17 июля 2017 г. 19:06

Дзейныя асобы:

Гаспадыня.

Артур.

Бутрым.

Шцірліц.

Цім Сантаеў.

Майстар.


31 снежня. Пакой-майстэрня ў кватэры з высокай стольлю. Зьлева – расчыненыя дзьверы ў вітальню. Канапа, фатэлі. Вялікі шыкоўны дыван. Мноства палотнаў, але ўсе яны закрытыя ці павернутыя да сцяны. Мы так і ня ўбачым ніводнай з гэтых карцінаў. Вялікая елка з некалькімі бліскучымі шарамі. Чутно, як адчыняюцца дзьверы, уваходзіць Гаспадыня, у паліто, з пакункамі. Здымае паліто, у гэты момант гучыць тэлефонны званок. Яна машынальна бярэ трубку.

Гаспадыня.     Алё… Дзякуй… Ты ведаеш.. Ну добра, прыходзь. Чакаю. (Кладзе трубку.) Халера! (Корпаецца з тэлефонам, пасля ўключае ціхую музыку. Пакункі звальваюцца на канапу.)

Стук у дзверы. Яна ідзе адчыняць. Уваходзіць хлапец 22-23 год, юначая ўсмешка, даўгаватыя валасы.

Артур.             Я званіў з аўтамата на рагу.

Гаспадыня.   Табе пашчасціла, сонейка. Сення ў мяне непрыёмны дзень. Я ўзяла трубку чыста машынальна.

Артур.           Ты кагосьці чакаеш?

Гаспадыня.    Не. Проста шэсць апошніх Новых Гадоў я сустракала адна.

Артур.             Ты ня любіш свята?

Гаспадыня.    Наадварот. Гэта адзінае свята, якое я люблю і святкую. Сам-насам. Каб ніхто не замінаў.

Артур.             Можа я пайду?

Гаспадыня.    Можа я цябе пазней выганю. А можа і не. Нешта ў мяне сення дзіўнае адчуванне-прадчуванне. Дарэчы, чаму табе стукнула прыйсьці? Па-за прыёмным днем і без запрашэння?

Артур.           Шчыра – дык ня ведаю. Учора я збіраўся ў зусім іншае месца. І калі ты мяне прагоніш, то я й пайду туды. Прыстойная кампанія, трошкі выпіўкі, трошкі тэлевізіі, трошкі флірту, трошкі сэксу. Звычайнае свята.


Гаспадыня.   Ты не здзіўляйся, што я так пытаюся. Сення са мной нешта ня тое адбываецца. Я звычайна ў гэты дзень праводжу чыстку – абдумваю, што зрабіла, што не зрабіла за год. Планую тоё-сёе… А сення – ніяк не магу сабрацца з думкамі. Вунь, пайшла чамусьці па крамах, накупіла ўсяго…

Артур.           Давай я разбяруся з гэтым.

Гаспадыня.   Давай. Я табе зараз абрус прыцягну. Прама тут, на дыване рассцілай і выкладвай.

Артур разбірае процьму стракатых бляшанак і слоікаў.


Артур.           Слухай, прабач, калі лезу не туды, куды трэба, але мяне даўно цікавіла – адкульт ты бярэш грошы на гэтае прыгожае жыцьцё? Некалькі маіх знаемых мастакоў жывуць практычна ў галечы.

Гаспадыня.   Усе мае работы, у тым ліку яшчэ не напісанныя, закупленыя на корані. Колькі год таму я выпадкова пазнаемілася з адным ангельцам. Разумееш, такі тыповы ангелец, як у дэтэктывах і дрэнных меладрамах: кватэра ў Лондане, маентак у Дэваншыры… Ен літаратуразнаўца і трохі містык… І вось ён лічыць, што я вядзьмарка, і ў маіх работах абавязкова прысутнічае частка маёй сілы. Між іншым,мае рацыю… і плоціць больш чым шчодра.


Артур.           У чым ён мае рацыю?

Гаспадыня.   У тым, што я вядзьмарка.

Артур.           Ну, любая жанчына…

Гаспадыня.    Я не пра гэта. Я сур’езна.

Артур.           Ты што чытала апошнім часам?

Гаспадыня.    Уяві сабе, нічога, акрамя падручніка па старангельскай.

Артур.             Божухна, а стараангельская табе навошта?

Гаспадыня.    А) – мне цікава. Б) – мне патрэбна разабрацца з некаторымі кельцкімі коранямі.

Артур.             Ну-ну. Мне ўсё зразумела.

ТЭЛЕФОННЫ ЗВАНОК

Гаспадыня.     Халера! Я ж, здаецца, адключыла званок!

Артур.              Ты ж можаш ня браць трубку.

Гаспадыня.    Не, цяпер не магу. Алё… Так… Што з табой здарылася? Дзякуй богу! Добра, чакаю.

Артур.           Хто гэта?

Гаспадыня.    Ты ня ведаеш. Адзін стары сябра і каханак.

Артур.             У цябе былі каханкі?

Гаспадыня.    Ты што, лічыў мяне нявіньніцай? У маім узросце?

Артур.           Не, я не пра тое. Але я знаёмы з табой болш за два гады, і ня разу не заўважаў, каб…

Гаспадыня.   А ты і ня мог нічога заўважыць. Я сапраўды абсалютна адзінокая цяпер. І даволі даўно.

Артур.           Ды не, не… проста так сказаць “каханак”… ну, ты ў маім уяўленні не магла сказаць гэтае слова так.

Гаспадыня.    Бедненькае тваё ўяўленне! Дзетка мая, мне трыццаць тры гады, і каханкаў у мяне было дастаткова. Ты што, чырванееш? Гэта звычайная справа. І яне разумею, шчыра кажучы, тваёй рэакцыі. Урэшце, ты ж мне колькі разоў распавядаў пра сваіх дзяўчынак.

Артур.             Мае дзяўчынкі – гэта голая фізіялогія. А ты…

Гаспадыня.    А я што, ня маю цела?

Артур.           (Задумліва) Маеш.

Гаспадыня.    А калі я маю цела, то ў яго ёсць пэўныя патрэбы…

Артур.             Слухай, давай скончым гэтую тэму.

Гаспадыня.     Скончым дык скончым.

ТЭЛЕФОННЫ ЗВАНОК

Гаспадыня.    Я дакладна паставіла аўтаадказчык! Алё!.. Ты? Так, слухаю… Так… Не, лепей бяры таксоўку. Грошы ёсць? У цябе звычайна то густа, то пуста… Гэтага ня трэба, усё маецца. Чакаю.

Артур.             Падобна на тое, што я быў сеньня толькі першай птушачкай.

Гаспадыня.     Гэта яшчэ адзін мой стары каханак.

Артур.              І сябра.

Гаспадыня.    І сябра. (Вымае аднекуль калоду карт, тасуе, глядзіць на яе і кладзе назад.) Не. (Ходзіць па пакоі. Артур прыносіць і перацірае яшчэ пару кілішкаў.) Так, я вось даўно хацела запытацца ў цябе – чаму ты да мяне ходзіш? Быць прынятым у мяне – неблагая рэкамендацыя, але ж ты не са свецкіх хлопчыкаў…

Артур.           Я гляджу, як ты размаўляеш з людзмі…вучуся ў цябе.

Гаспадыня.   У сэнсе?

Артур.           Ведаеш, ну, тое, як ты гаворыш з імі… Тое, як ты іх слухаеш… Я прыходжу да цябе колькі разоў у месяц, і сустракаю тут людзей вельмі і вельмі розных. І ўсе яны, сьвядома ці несьвядома, шукаюць і знаходзяць падтрымку і разуменьне.

Гаспадыня.    Няма чаму асабліваму вучыцца. Той-сёй жыцьцёвы вопыт плюс павярхоўны псіхааналіз. Пачытай лепей дзядзьку Фрома, напрыклад. Збольшага я аўтаматычна рэагую на раздражняльнікі. Як паўлаўскі сабачка. “Ах, мне дрэнна!” – “Бедная ты мая!”

Артур.             Хлусіш.

ТЭЛЕФОННЫ ЗВАНОК

Гаспадыня.   Алё… Так, трэці паверх… Ты будзеш не адзін. Прыедзеш – распавядзеш. Усё.

Артур.           Трэці стары каханак?

Гаспадыня.   Як ты здагадаўся?

Артур.           Тэлепатыя. (Адкаркоўвае бутэльку вермуту, налівае, прапаноўвае Гаспадыні, п’е сам.)

Гаспадыня.    Я не буду.

Артур.             Чаму?

Гаспадыня.    Гэтыя тры чалавекі ня могуць прыехаць да мяне проста так. Хацела б я ведаць, што тут павінна адбыцца… Туман… Нічога ня бачу! (Зноўку дастае і хавае карты.) Бярэ са століка антыкварны кінжал і з сілай кідае яго ў падлогу. Ён утыкаецца. Яна падымае кінжал разам з паркецінай.) Во цуд! Я ніколі не магла навучыцца прыстойна кідаць нож.

Артур.           Слухай, калі гэтыя людзі табе непрыемныя, яне пушчу іх сюды. А хочаш, апранайся і паедзем да мяне. Патаўкуцца пад дзвярыма і пойдуць. Ці мала што…

Гаспадыня.    Гэта ня проста тры маіх каханкі і прыяцелі. Гэтых людзей я калісьці звязала практычна ў адзін арганізм, і яны дапамаглі мне ў вельмі важнай справе. І зараз яны зноўку ідуць мне на дапамогу. І тое, што я не адчуваю патрэбы ў ёй, нічога ня значыць. Гэта маё стварэньне, якое цяпер мне не падуладнае.

Артур.           Ты… баішся?

Гаспадыня.    Сеньня я нічога ня бачу наперадзе. Яны ўжо падымаюцца па лесьвіцы. Усе трое. Пойдзем. Я зараз пазнаёмлю цябе з Суполкай Вогнішча.

II

Праходзяць у пакой: Бутрым – з вялікай ружай у цэлафане, каробкай цукерак, Шцірліц – з некалькімі бутэлькамі, Сантаеў – без нічога.

Сантаеў.       Я прынёс толькі самога сябе.

Гаспадыня.    Гэтага дастаткова. Вось, пазнаёмцеся, — Артур. Мілы хлопчык з майго зьвярынца.

Бутрым.         Бутрым.

Шцірліц.       Я — Шцірліц.

Сантаеў.       Ціма Сантаеў.


Агульная мітусня. Урэшце ўсе рассажваюцца, разбіраюць кілішкі. Адкаркоўваюцца бутэлькі, але на іх не звяртаюць асаблівай увагі, як і на ежу.

Гаспадыня.   Ну што? За стары Год?

Бутрым.        Давай.


Даволі працяглае маўчаньне.

Гаспадыня.   Дзе вы сустрэліся?

Сантаеў.       На тваім прыпынку.

Гаспадыня.    А каму прыйшла ў галаву цудоўная думка святкаваць тут Новы Год?

Шцірліц.        Здаецца, нікому.

Гаспадыня.    Гэта як?

Шцірліц.        Ніхто з нас сюды не збіраўся. Прынамсі, учора вечарам мы не сазваньваліся, не прыдумвалі і не вырашалі. Нас падняло, панесла і апусціла ля тваіх дзвярэй.

Гаспадыня.    Цудоўна! Так што, ніхто з вас ня ведае, чаму вы да мяне прыцягнуліся?

Сантаеў.         Ну так.

Гаспадыня.    Выдатна! Будзем як нармальныя людзі! Есці, піці і глядзець тэлевізар!

Бутрым.         Спадзяюся, ты нас ня выганіш.

Гаспадыня.    Ды не ўжо, сядзіце!

Артур.             Давайце я тэлевізар уключу. Фу, колькі пылу! Калі ты яго ўключала апошні раз?

Гаспадыня.    Месяцы два будзе. А мо й болей, ня помню.

Бутрым.          А навошта?

Гаспадыня.    Выцірала пыл і впадкова націснула кнопку. Я тады кагосьці чакала.

Шцірліц.        А сеньня ты нікога не чакала і да пылу не дакраналася.

Сантаеў.       Слухайце, можа ня будзем пачынаць! Я разумею, як непрыемна кідаць усё і зрывацца вось так неспадзявана… У мяне, напрыклад, іспыт трэцяга, а я толькі-толькі ўзяўся.

Шцірліц.       Ты што, усё вучышся?

Сантаеў.        Я ж браў акадэмку два разы.

Шцірліц.        Ну-ну.

Бутрым.         Ага. Першую – па хвранцузскай хваробе, другую – па цяжарнасці і нараджэньню дзіцятка…

Сантаеў.        Ды хопіці вам!

Бутрым.         Я маю намер напіцца. Добра, з жонкай я разбяруся, а вось што дочкам сказаць? Адзінае сямейнае свята практычна, і тое кату пад хвост.

Шцірліц.         Ах, да! Ты ж у нас прымерны сямейнік !

Бутрым.          Шцірліц, не кажы пра тое, чаго ня маеш і не ўмееш.

Шцірліц.         Я павінен абразіцца?

Бутрым.          Як хочаш.

Гаспадыня.      Бойка прыемна разнастаіць нашую навагоднюю праграму.

Шцірліц.         А ў нас ёсьць праграма?

Гаспадыня.     А як жа – віно, торцік, ТV… Відзік вунь пыліцца…

Бутрым.          Запусьцім крутую парнушку…

Сантаеў.          Мяне ад цябе хутка званітуе.

Бутрым.           А ты ў нас стаў нявіньнікам? Ну, у кожнага шмат навінаў. Колькі ж гэта мы ня бачыліся?

Шцірліц.         Гады чатыры. Але ты мне тэлефанаваў. У траўні пазамінулага года. І ў мінулым, у верасні.

Бутрым.          Што ты за вылічальная машына, Шцірліц? Я дык ня ўсё ўспомню пра мінулы тыдзень.

Шцірліц.         Уключаючы імя чарговай Панны…

Бутрым.          Паннаў, Шцірліц, Пан-наў!

Сантаеў.          Вось хто ў нас зусім не мяняецца.

Шцірліц.         Ну, чаму не мяняецца? Вунь, лысінка сьвеціцца. А раней не было.

Бутрым.          У цябе таксама раней шмат чаго не было. А цяпер, я чуў, чэсна нажытае даволі прыстойнае выдавецтва.

Шцірліц.         Яно зусім непрыстойнае… калі ўлічыць, якую літаратуру выпускае. Але – пакупнік заўсёды мае рацыю!

Бутрым.             На дурасьці нажываешся. А ты чаго маўчыш, паэт? (Сантаеў працягвае маўчаць.)

Гаспадыня.      Шцірліц, ад чаго адарвала цябе? Ад выгоднай здзелкі?

Шцірліц.          Ну, у прынцыпе так.

Гаспадыня.     Тваё “у прынцыпе” можа азначаць усё што хочаш – ад вясельля да палёта на Месяц.

Шцірліц.         Не, на Месяц іншым разам. Я запрасіў сваіх аўтараў на party.

Гаспадыня.     Ну, пры тваёй манэры паводзінаў знікненьне з уласнай вечарынкі ўспрымаецца як мае быць. Там жа ёсьць каму прыняць госьцейкаў?

Шцірліц.         Есьць, вядома.

Гаспадыня.     Дык чаго ты непакоішся?

Шцірліц.         Зноўку твае штучкі!

Гаспадыня.     Гэта звычайная назіральнасць.

Шцірліц.         Ведаю я гэтую звычайнасьць… Навошта ты нас сабрала? І чаму так? Другім шляхам было б прасьцей.

Гаспадыня.     Справа якраз у тым, што я вас не збірала.

Шцірліц.         Яшчэ цікавей. Калі б я ня ведаў, што ты ня хлусіш у гэтых рэчах…

Гаспадыня.      Гэтыя рэчы, як ты іх называеш, наогул хлусні не выносяць.

Шцірліц.         Ты, ня ты… Няхай нас сабрала тваё праклятае прызначэньне, якому зноўку нешта ад нас спатрэбілася.

Бутрым.          Лепшая каманда пяцігодкі! Чалавек-кампутар у асобе Шцірліца, чыстая летуценнасьць нашага найвыбітнейшага паэта Цімачкі і росквіт фізычнага – знакаміты сэн-сэй Бут-рым, я, мацнейшы за Кінга і Конга, — гэтыя людзі зробяць для вас…

Сантаеў.         Сьціхні, а?

Бутрым.          Я ўсё ж скончу… Каму ж, як ня нашай Вядзьмарцы X ( вядзьмарак па імю не называюць), належыць гонар стварэньня гэтага непарушнага саюзу! Яна зрабіла нас намі, не запытаўшыся, ці можа мы гэта, ці хочам гэтага, ці…

Гаспадыня.     Не перабольшвай. Ты быў першы, і добра ведаеш, што ўсё    адбылося досыць выпадкова.

Сантаеў.          Ці есць што выпадковае на свеце,

                    Ці есць невыпадковасьць хоць адна?..

Бутрым.         Занадта выгодная для цябе выпадковасьць.

Гаспадыня.      Што ж ты думаеш, бяз вас бы я тады не разабралася?

Шцірліц.         Думаю, не.

Бутрым.          Адну дурасьць мы тады зрабілі. Па галаве трэба было стукнуць ня Давуні беднага, а цябе любімую. Гэта было б значна прасьцей.

Сантаеў.          Бутрыме, ты забываеш, што магчымасьць перадачы адтуль сюды высьветліў менавіта прастак Давуні. Ні маёй фантазіі, ні матэматыкі Шцірліца, ні тваёй патэнцыі на гэта не хапіла. Бяз Давуні ты б і дагэтуль кожную ноч сядзеў ля вогнішча.

Артур.              Э…. Мне здаецца… Я лепей пайду. У мяне тут кампанія знаёмая праз пару кварталаў.

Гаспадыня.    Ну, мае сябры ўбіліся ва ўспаміны, якія не цікавыя     

                    няўдзельнікам падзеяў.

АРТУР ЗБІРАЕЦЦА ІСЬЦІ.

Шцірліц.          Пачакай-ка. Ты яго сёньня да сябе запрашала?

Гаспадыня.      Ніякім чынам. Як і вас.

Шцірліц.          І я пра тое ж. Ты звычайна да сябе на Новы Год нікога не дапускаеш. Хацелася б мне ведаць, чым ты тут займаешся, самотная… Падумай, адкуль ён тут?

Гаспадыня.    Ты думаеш… Пачакай! Ты думаеш, гэта невыпадкова? Гэты хлопчык?

Бутрым.          А ты што, яшчэ яго ня трахнула? Нешта вялікае ў лесе здохла.

Артур.              Ну ты, як там цябе…

Гаспадыня.      Цішэй. Ён сапраўды ведаў мяне зусім іншай.

Бутрым.           Ведаў-ведаў. Блізка ведаў.

Шцірліц.          Артур, чаму ты сёньня тут?

Артур.               Ну, я гаварыў ужо… Нешта дзеўбанула пазваніць па дарозе ў іншае месца.

Шцірліц.           А ты выпадкова падняла трубку выпадкова неадключанага тэлефона.

Гаспадыня.     Трэба падумаць.

Шцірліц.         Вось і я кажу – трэба. Хлопчык, ты застаешся тут. Нават калі табе гэта не падабаецца.

Артур.              Ну, чаму не падабаецца. Проста вы гавораце пра нешта такое, чаго я і блізка ня ведаю.

Сантаеў.         Дарэчы, я, здаецца, зразумеў, чаму нам прйшлося збірацца тут у рэаліі. Ты ж можаш прывесьці да вогнішча толькі таго, з кім была разам? Так?

Гаспадыня.      Так. Але ж я … ані званьня… ён жа зусім хлопчык…

Бутрым.           Ну, не зусім. Вусы вунь прабіваюцца.

Сантаеў.          Артур, ты знакамітасць? Ці сынок начальніка? Ці сам ужо вялікі начальнік?

Артур.              Я не разумею цябе.

Сантаеў.          Салон-звярынец нашае Гаспадыні – не дабрачынная ўстанова, як, можа, табе падалося. Мне так калісьці здавалася (Да Гаспадыні.) Давай, каліся. Якая табе з яго карысьць?

Гаспадыня.     (Памаўчаўшы.) Ніякай.

Сантаеў.         І ты трымаеш яго ў звярынцы без аніякай карысьці?

Гаспадыня.    Я чамусьці не задумвалася над гэтым.

Сантаеў.         Так, Артур. Наўрад ці ты ведаеш, але гэтая мілая панна – вядзьмарка. Ці, можа, табе больш падабаецца тэрмін “экстрасэнс”?.. Глядзі: вось чарговая ну, напрыклад, поп-зорачка, у якой у галаве толькі куцюр’е і выпіраючыя шырынкі, раптам пачынае выдаваць песенькі і інтэрв’ю пра любоў да роднае прыроды… Дробязь, але на гэтую зорачку моліцца пэўны адсотак падлеткаў… І пэўны адсотак ад гэтага адсотку ніколі ў жыцьці ня зможа спусціць забруджаную ваду ў возера… ці аддаць загад пра вырубку запаведнага лесу… у яго рука – ці язык там – на гэта не падымецца… і ён ня зможа націснуць на кнопку – ні па якім загадзе – разумееш? І нашая Гаспадыня, да якой гэтая зорачка забягала на каву і цыгарэту, тут абсалютна ні пры чым!

Артур.              Слухайце, я не сплю?

Мужчыны рагочуць – гучна, доўга. Артур разгублена азіраецца.

Бутрым.       (Скрозь смех.) Не, не, хлопчык, каб… у сне… трэба спачатку… спаць… пера-спаць.

Сантаеў.      (Адсмяяўшыся.) Ды кінь ты хлопца бянтэжыць. Ёй жа ўсё роўна.

Шцірліц.      А ты, Цімачка, і жорсткім можаш быць… летуценьнічак.

Сантаеў.       Назірай, штандартэнфюрэр, зьбірай факты. Твая работа такая. Э, нешта я адхіліўся, і моцна.

Бутрым.        Ты думаеш, нас усіх прыцягнула сюды, бо яна з ім не спала і спаць не збіраецца… ці не збіралася? Э…

Сантаеў.       Думаю, і думаю я ўсе тое, што гэты хлопчык – яшчэ адзін Давуні.

Бутрым.        Ф’ю… Другі Давуні. Чарговы Давуні. Гэтаму таксама прыйдзецца пысу чысціць? Дык давайце хуценька скончым дый дамоў. Я хоць раніцою дома з’яўлюся – усе лягчэй.

Шцірліц.      Баюся, што нам прыйдзецца трохі затрымацца. Тады мы ведалі, каму сядзім. У сэнсе, была задача, і мы худа-бедна яе вырашалі. Цяпер, наколькі я зразумеў, задача адсутнічае.

Сантаеў.        Ведаеш, Шцірліц, ля вогнішча было неяк больш утульна.

Артур.          Слухайце! Альбо вы мне ўсё тлумачыце, альбо я пайшоў. І шукайце сабе іншага… як яго…

Шцірліц.       Давуні. (Да Сантаева.) Глядзі, Цім! Ен думае, што можа проста так пайсці. Наіўны.

Сантаеў.       Не аднімай надзею ў чалавека. Няхай думае, што ён вольны.

Артур.          Слухайце, вы…

Бутрым.        (Падыходзіць да Артура, бярэ яго за плечы.) Сядай вось сюды, да нас. Бліжэй, бліжэй! (Да хлопцаў.) Раней пачнем – раней скончым.

Шцірліц.      Лагічна. Пачынай.

Бутрым.        Было гэта пяць год таму…

III

                    Пакой той жа, тыя ж асобы, але настрой выразна зьмяняецца. Усё адбываецца і не адбываецца – як у сне.

Бутрым.        Пачалося з таго. Што засынаючы кожную ноч, — ці дома, ці дзе яшчэ, — адразу прачынаўся ў нейкім лесе, ля распаленага вогнішча. Лес, палянка, дарога-грунтоўка. Я сядзеў там адзін. Кожную ноч па гадзіне . Ледзьве не звар’яцеў. Больш чым на сто крокаў ад вогнішча адысьці не атрымлівалася – нешта не пускала: сьценка, бар’ер. У канцы першага месяца з’явілася Яна і растлумачыла. Што гэта пакараньне за маю здраду ёй. І што ад мяне залежыць, калі я яго пазбаўлюся. У жыцьці рэальным, днём, я нічога не ўзгадваў. А тут… ты ведаеш, гадзіна можа быць бясконца доўгай для чалавека, які ніколі не любіў адзіноты. Можа было толькі думаць. Ніякай іншай дзейнасьці – толькі думкі! Я ўспамінаў сваіх каханак. Я складваў казкі. Я… Чаго я толькі не рабіў! І недзе праз год з’явіўся Шцірліц.

Шцірліц.       Ну, мяне, прынамсі, прывезлі. Уяўляеш – вяртаюся я з адной паездкі, вечарам выходжу з цягніка, а яна чакае з машынай. Як ехалі і дзе – ня помню. Прывезла на палянку, адчыніла дзверку,- ідзі, кажа, вунь твой таварыш. Я і пайшоў.

Бутрым.       Як я ўзрадваўся!

Шцірліц.      Мяне гэта спачатку зьдзівіла трохі… ты ж помніш, я цябе ці не за вар’ята палічыў.

Бутрым.       Можа яно так крыху і было.

Шцірліц.      Мы так разгаварыліся…

Бутрым.        …што першая ноч прайшла незаўважна. А пасля аказалася, што час знаходжаньня ля вогнішча на гадзіну павялічыўся.

Шцірліц.      Праз нейкі час гэтых дзьвух гадзінаў нам стала замнога…

Бутрым.        І калі мы гатовыя былі пазабіваць адзін аднаго, з’явіўся Лёшка.

Шцірліц.      Яго з намі больш ніколі ня будзе. Таму што ён…

Бутрым.        Ён мёртвы. Патануў у возеры – зацягнула ў яміну. Пасля   высьветлілася, што Гаспадыня гэтага ня ведала, калі яго прыводзіла. У гэтай містыцы Цім доўга капаўся, ён можа й растлумачыць нешта. Там атрымліваецца, што яна да вогнішча забірала душу асобна ад цела ці нешта падобнае… Ну й захапіла яго якраз перад тым здарэньнем, ці падчас яго.

Шцірліц.       Лёшка сачатку ня ведаў, што ён памёр. Але раптам – мы помнім розныя папярэднія дні, а ён успамінае вечна адзін і той жа дзень – ягоны апошні.

Бутрым. Ён фактычна ўваскрасаў на гэтыя тры гадзіны.

Шцірліц. Так, цяпер мы мелі тры гадзіны чыстага вольнага часу, тры дадатковыя гадзіны жыцьця на суткі… Што было б выдатна, калі б мы помнілі гэтыя… сны.

Бутрым. І толькі з прыходам Давуні Гаспадыня паведаміла, нашто яна нас туды зацягнула.

Гаспадыня. А быццам бы я сама раней гэта ведала.

Шцірліц. Няўжо ты калі што рабіла бяз мэты? Няхай дзесяць разоў завуаляванай, далёкай-далёкай?

Гаспадыня. Інтуіцыя і дакладны разлік – два бакі аднаго медаля. Аверс і рэверс. Я часта раблю нешта, здаецца, мне непатрэбнае і выпадковае… І галоўным гэтае нешта робіцца нечакана і для мяне.

Шцірліц. Але ж ты ўсе роўна маеш свій вынік – навошта табе дробязнае перабіраньне варыянтаў?

Гаспадыня. Разумеюць, асэнсоўваць нешта можна на ўзроўні сьвядомасьці ці падсьвядомасьці, прасцей кажучы – розумам ці сэрцам. Але сапраўды дзейсным разуменьне робіцца толькі пры спалучэньні двух гэтых пачаткаў. Фактычна праз разлікі я вучуся карыстацца тым, што ты завеш інтуіцыяй.

Шцірліц. Калі навучышся, скажы мне. Я, нарэшце, змагу спаць спакойна.

Гаспадыня. Я адзінае, што абцяжарвае тваё сумленьне?

Шцірліц. Oh, yes!

Бутрым. Хопіць ухіляцца! У хлопчыка вочкі гараць, хоча даведацца, якімі такімі вялікімі справамі мы займаліся.

Сантаеў. Вялікі подзьвіг – даць чалавеку ў сківіцу так, каб ён доўга ляжаў і не падымаўся!

Бутрым. І што б вы, псіхікі, рабілі без маёй фізікі?

Сантаеў. За рукі, за ногі, і галавой у дым. Вынік той жа – непрытомнасьць.

Бутрым. Сумняваюся я, што б вы са Шцірліцам яго ўтрымалі. Давуні не такі ўжо хлюпік.

Сантаеў. Ну яшчэ б што прыдумалі.

Бутрым. Во-во! Ты б прыдумаў – што, а Шцірліц – як.

Сантаеў. Усё правільна – мы прыдумваем, а ты – выконваеш.

Шцірліц. І як гэта нам нешта яшчэ ўдалося! Мы ж і хвіліны мірна пражыць ня можам!

Артур. Дык вашае вынаходніцтва – чыстка пысаў?

Шцірліц. Жвавы хлопчык.

Бутрым. Ну-ну.

Сантаеў. Проста начысціць пысу – фу! А вось начысціць яе ў патрэбны час і ў патрэбным месцы…

Бутрым. І з патрэбнай мэтай.

Шцірліц. А калі сур’ёзна, то страціўшаму прытомнасьць Давуні падклалі ў кішэню паперы, якія там, у рэаліі, трэба было перадаць Гаспадыні. Бо калі ён ня ведаў, што ляжыць у ягонае кішэні, то гэтае “што” там і заставалася… пераходзіла са сну ў рэальнасць.

Сантаеў. Бо бедненькая Гаспадынька на той момант нічым істотна не адрознівалася ад нас пяцёх у адным — яна ў рэаліі ня помніла нічога пра сябе са сну. І не магла адпусьціць нас з вогнішча.

Шцірліц. Была звычайнай, ня вельмі шчаслівай жанчынай. Не бяз таленту, але ж…

Гаспадыня. Акуратней з кампліментамі. Магу і пакрыўдзіцца.

Шцірліц. Нават калі сапраўды пакрыўдзішся, нічога ня зробіш. Я табе яшчэ патрэбны.

Артур. (Да Шцірліца.) А яна сапраўды нешта можа?

Шцірліц. І яшчэ як. Па шчырасці, вельмі ня раю высвятляць на сабе, што яна можа. Я ў сваіх жартах ведаю межы. І час.

Артур. Угу. Вы мне яшчэ не сказалі, што там за паперы былі.

Шцірліц. Гэта няхай яна табе раскажа. Мы бачылі канверцік і нумар тэлефона на ім.

Сантаеў. Між іншым, нават калі б “перадатчыкам” зрабілі б кагосьці з нас, штука магла б і не спрацаваць. На той час у рэаліі адзін Давуні адчуваў нешта да яе і пазваніў, і перадаў, а ня проста закінуў той канверт у бліжэйшую сьметніцу.

Гаспадыня. У канверце было апісанне працэсу набыцьця поўнай памяці і поўных магчымасьцяў – для мяне. Во парадваліся б вы, каб ведалі, як мала асалоды ў гэтай працэдуры. Вам дык я поўную памяць проста ўключыла – бяз болю і намаганьняў.

Шцірліц. Дзякуй, дзякуй!

Бутрым. А то мы прасілі ў цябе гэтае другое жыцьцё і гэтую другую памяць.

Шцірліц. Хлопчыкі-дзяўчынкі, давайце-ка бліжэй да справы. Цяпер нашае мінулае досыць асветленае для новага сябра нашае Суполкі.

Бутрым. Ну, поўнага членства ў яго няма…

Сантаеў. Бутрым, ды сьціхні ты!

Гаспадыня. Чакайце.Я, здаецца, ведаю. Я даўно думала пра адно падарожжа… якое немагчымае без спадарожніка.

Бутрым. Ну, і…

Гаспадыня. Артур, калі ты згодны…

Артур. Ну… гэта надоўга?

Гаспадыня. (Усміхнуўшыся.) Гадзіны на дзьве.

Артур. Зразумела, я…

Шцірліц. Чакай, хлопчык. А куды трэба ісці? Ці не туды, дзе мы дружна палілі вогнішча?

Гаспадыня. Не туды, але ў падобнае месца.

Бутрым. (Артуру.) Ня раю табе туды савацца. Гэта хутчэй за ўсё вельмі небяспечна.

Гаспадыня. Так, гэта небяспечна, але не настолькі, каб вельмі палохацца. Урэшце, там буду я, і галоўная небяспека – для мяне.

Сантаеў. Дык навошта табе спадарожнік, якога прыйдзецца ахоўваць?

Гаспадыня. Калі мы прыйдзем на патрэбнае месца… Лепей вобразна сказаць… Уявіце сабе шалі. Мне трэба стаць на адзін бок. І каб я не паляцела ўніз, трэба, каб нехта стаў на другі. Тады раўнавана захаваецца.

Бутрым. А калі ён болей за цябе важыць?

Сантаеў. Табе ж сказалі – гэта вобразна. Там, відаць, ня мае значэньня натуральная вага.

Артур. Я згодны. Я табе веру.

Гаспадыня. Яшчэ адна праблема. Вы, каго я магу ўзяць у тое вымярэньне, са мной ня можаце ісці, а…

Шцірліц. Чаму ж? Ты б магла і загадаць.

Гаспадыня. Таму што ў апошні момант два жыцьці будуць залежаць ад ступені даверу. Ніхто з вас мне так не давярае.

Бутрым. І іншым ня раім.

Артур. Я сам магу гэта вырашыць.

Гаспадыня. А Артура правесці туды мне будзе складана.

Бутрым. Ідзіце, птушачкі, пазабаўцеся. Магу свечку патрымаць. Што ж ты ўпусціла такую важную дэталь!

Сантаеў. Бутрым, гульні скончыліся.

Бутрым. Для каго як.

Сантаеў. Наколькі я разумею, варыянт Бутрыма не праходзіць?

Артур чырванее.

Гаспадыня. Ты разумееш правільна.

Сантаеў. А табе было бы лягчэй, калі б ён спаў? Ну, проста спаў?

Гаспадыня. Тады – ўсё проста. Але… трэба, каб ён не прачнуўся заўчасна.

Бутрым. Маю два пачакі дымедролу. Купіў у вакзальным кіёску.

Шцірліц. Не, гэта не тое.

Сантаеў. А ты займалася гіпнозам?

Гаспадыня. Халера ясная! Артур, ты на гэта згадзішся?

Артур. Ну, урэшце, я ўжо згадзіўся.

Гаспадыня. Кладзіся на канапу. (Здымае з шыі нешта бліскучае на ланцужку.) Ляжы спакойна… Не хвалюйся… Глядзі сюды… Так… Ты зараз заснеш… Прачнешся толькі па маім загадзе… Спі… Спі, сонейка!.. (Паварочваецца.) Усё. Ён спіць.

Шцірліц. А мы…

Гаспадыня. А вы сядзіце, святкуйце, ахоўвайце цела. Толькі пажадана ня вельмі шумець. Я пайду. (Апранаецца.)

Сантаеў. Ты куды?

Гаспадыня. Пры пераходзе ў іншае вымярэнне я выглядаю ня дужа прывабна. Чакайце! (Сыходзіць.)

Бутрым. (Бярэ бутэльку.) Ну, чакаць дык чакаць.

IV

Цемра. Нехта ідзе ў цемры, запальвае ліхтар, водзіць слупком сьвятла ў розныя бакі. Паступова сьвятлее, але не да канца. Уся гэтая сцэна ідзе пры ненармальным асьвятленьні. Месца без акрэсьленых прыкметаў. Пуста і гола. Гаспадыня будзіць Артура.

Гаспадыня. Досыць дрыхнуць. Пад’ем. Нам даволі далёка ісьці.

Артур. Ой! Добрай раніцы! Цьфу, што гэта я! Дык… атрымалася?

Гаспадыня. Атрымалася, атрымалася! Уставай. У дарозе пагаворым.

Артур. Ты дакладна ведаеш, куды ісьці? Тут усё такое аднолькавае!

Гаспадыня. Не хвалюйся, я адчую, калі мы пойдзем не туды.

Артур. Не зусім разумею.

Гаспадыня. І ня трэба. Але… Урэшце, калі так усё складаецца, выходзіць, што ты таксама пойдзеш па нейкім варыянце Шляху. Во, халера! Ніколі не жадала быць Настаўнікам! Давай пачнем так. Мы з табой трапілі разам у адно вельмі цікавае месца. Я ведаю некалькіх таварышаў, якія б дорага заплацілі за тое, каб мець магчымасьць апынуцца тут.

Артур. Дык што гэта за месца? Ты ж нічога не растлумачыла толкам, і, наогул, усё неяк спантанна атрымалася, і я…

Гаспадыня. Так, для цябе – спантанна. А я сюды доўга ішла. Фактычна – усё сьвядомае жыцьцё. Тут… ну як табе тлумачыць такія рэчы… Ты ж зусім нічога ня ведаеш… Адным словам, гэта такое месца, дзе можна набыць веды. Вялікія, вельмі вялікія веды.

Артур. Ну і…

Гаспадыня. Ну і зь імі, адпаведна, прыходзіць улада. Ня тыя сьмешненькія апаратныя гульні, якія даюць магчымасць уласнага дабрабыту за кошт тысячаў ці мільёнаў сучасьнікаў-суайчыньнікаў і іх нашчадкаў, а ўлада значна болш высокая… досыць цяжка растлумачыць, якога яна гатунку, над кім і над чым, акрамя людзей, яна даецца…

Артур. І ты… прыйшла за ёй?

Гаспадыня. Толькі за той ейнай часткай, якая дазваляе быць незалежнай ад улады апаратчыкаў. А ў астатнім, як ні дзіўна, — не. Я хачу ведаць. Я хачу бачыць ясна. Хачу мець магчымасьць зьвязваць некаторыя парваныя ніткі… але ня болей за тое.

З’яўляецца чалавек у даўгім плашчы і капялюшы. Плашч незашпілены. Шыкоўны касьцюм, гальштук, насоўка – усё вытанчана, стыльна.

Майстар. Дабрыдзень, шаноўная!

Гаспадыня. Ты?

Майстар. Я. Не чакала? Чуў тут пару тваіх апошніх фразаў. Ня думаю, каб ты гэта сур’езна. Ну, хопіць. Хопіць заліваць хлопчыку вочкі блакітам. Тут ёсьць я, так што можна не саромецца.

Гаспадыня. (Сталёва). Не зусім разумею.

Майстар. Ну! Цяпер у цябе ёсьць варты цябе напарнік. Аднаго не разумею – навошта было ўпраціцца і ствараць сабе лішнія перашкоды? Па сіле мы роўныя, і калі да роўных дадаць па аднолькаваму, раўнавага ня страціцца. Я мацнейшым за цябе не зраблюся.

Гаспадыня. Якім чынам ты сюды трапіў?

Майстар. Па тваіх сьлядох, па тваіх сьлядох! Ты ж ведаеш – па гарачых сьвежанькіх сьлядках ісьці вельмі проста. Тут галоўнае было не ўпусьціць моманту, калі ты сюды зьбярэшся. Астатняе – дробязі.

Гаспадыня. Я ішла сваім шляхам. Ты ня мог адчуць ягонага пачатку тваімі метадамі.

Майстар. Ах, рыбанька! Але ж каб выцягнуць да сябе сваіх сябрукоў з усіх канцоў Беларусі, табе прыйшлося карыстацца маімі метадамі. Твае ж не дапускаюць такога ўплыву на чалавекаў… якімі б гэтыя чалавекі не былі.

Гаспадыня. Хлусіш. Я не карысталася тваім Мастацтвам. Я адправіла звычайныя поклічы, і тое, што на іх адгукнуліся ўсе разам і так хутка, вельмі мяне зьдзіўляе.

Майстар. Я разумею тваё нежаданьне прызнавацца, але факт ёсьць факт: я тут. Гэта рэальнасьць.

Артур. Хто вы? (Не атрымлівае адказу. Майстар яго цалкам ігнаруе.) Слухай, хто гэта?

Гаспадыня. Гэты чалавек займаецца другім бокам таго, чым займаюся я. Можа зваць яго Майстрам. Калі, зразумела, ён захоча з табой размаўляць.

Артур. Можа хопіць загадак? Ці ягоная праўда, і я тут на самой справе непатрэбны? Тады адпраўляй мяне назад! Мне тут не падабаецца.

Майстар. Твая малпачка сказала разумную рэч! Навошта цягнуць баласт? Ён нас затрымае. Без яго можна будзе падляцець троші – так хутчэй.

Гаспадыня. (Артуру.) Ты сутыкаўся з так званымі экстрасэнсамі? Не з прымітыўнымі махлярамі, а з тымі, якія сапраўды нешта могуць?

Артур. Ну, маёй маці адзін дзядок вылячыў хрыбет нейкімі адмысловымі масажамі, але…

Гаспадыня. Гэта не зусім тое. Гэтае слова павінна азначаць чалавека, які ў большай ці меншай ступені валодае энэргіямі. Так званымі тонкімі энэргіямі… Тымі, што ня ловяцца прыборамі.

Артур. Якімі прыборамі?

Гаспадыня. Не, ты не разумееш. Давай з іншага боку. Майстар – Маг. Маг высокага ўзроўню.

Артур. Эй, я не настолькі маленькі, каб слухаць такія казкі…

Гаспадыня. Мне ж ты неяк паверыў. А ягонай “казачнасьці” хопіць, напрыклад, на тое, каб загадаць табе любое дзеяньне. І ты загад выканаеш. Нават скокнеш зь дзевятага паверху.

Майстар. Ты дарма губляеш час, Гаспадыня. Мы можам знаходзіцца тут даволі кароткі тэрмін. Надалей нам ня хопіць энэргіі.

Артур. Дык ты… сапраўды… вядзьмарка! Дык Бутрым меў рацыю!

Гаспадыня. І лоцыю. Пачало патрохі даходзіць. Нарэшце! Праўда,я аддаю перавагу больш сучаснай тэрміналогіі. А яшчэ не люблю ярлыкі. Шматзначнасьць слова часта прыводзіць да непаразуменьняў.

Майстар. Яшчэ раз папярэджваю – часу няшмат. І ты аддаеш процьму энэргіі на ягонае ўтрыманьне тут. Адпраўляй малпачку назад, хопіць гуляць у дзіцячыя гульні. Расказаць яму, якая ты цаца, можа й дома.

Гаспадыня. (Артуру.) Не зьвяртай на яго ўвагі. Майстар, што завецца, чараўнік чорны. У яго адпаведныя гумар і лексіка.

Майстар. Я не разумею! Ты ўсёж ж пакідаеш яго тут? Навошта? Нам што, неабходныя сьведкі?

Гаспадыня. Чаму ты так упэўнена кажаш “нам”? Чаму ты так упэўнены, што я прыняла тваю прапанову? Чаму ты думаеш, што я пайду па лязу з табой, а ня зь ім?

Майстар. А як жа тваё хвалёнае-дэкляраванае чалавекалюбства? А калі хлопчык аступіцца? А калі не стрывае? І ты кажаш, што не прымаеш майго шляху! А сама гатовая дзіценка ў бездань кінуць!

Гаспадыня. Ты толькі што называў яго малпай. А цяпер – дзіцёнак бедненькі!

Майстар. Я заўсёды быў супраць лішніх ахвяраў.

Гаспадыня. Угу. Толькі хто вызначае лічбу ахвяр неабходных?

Майстар. Хопіць сафістыкі. Справа чакае.

Гаспадыня. У гэтым ты маеш рацыю.Пойдзем.

V

Месца Лёзаў. Саміх Лёзаў два – белае і чорнае, яны ідуць паралельна. Астатняе залежыць ад фантазіі рэжысёра ці мастака. Гаспадыня, Артур і Майстар адпачываюць. Усе вельмі стомленыя.

Майстар. Добра, што тут можна трохі адпачыць.

Артур. Што гэта за месца?

Гаспадыня. Умоўна-спрошчана – месца Сілы. Ці, лепей, сутыкненьня Сілаў.

Майстар. Памаўчы, а?

Гаспадыня і Майстар паглыбляюццав ў сябе. Артур разглядвае навакольле і зноўку ня стрымліваецца.

Артур. Дык навошта мы сюды прыйшлі? Вы там нешта балбаталі пра мост над безданьню – а тут няма ніякай бездані… Поле голае… Трава нейкая, і тая дохлая.

Майстар. І ты зьбіраешся некуды ісьці зі ім? (Да Артура.) Дай ты людзям пасядзець спакойна! Трэба ж падрыхтавацца!

Артур. (Да Гаспадыні.) Ты ж мяне сюды прыцягнула! Не магу ж я нешта рабіць, не ведаючы, што я раблю!

Гаспадыня не пасьпявае адказаць. Майстар ускоквае, ён раззлаваўся.

Майстар. Ну, хопіць! Я цябе двойчы прасіў не замінаць! Зараз ты ў мяне замаўчыш! (Накіроўвае руку ў бок Артура, далонь адкрытая. Фактычна, наступная сцэна – бойка энэргіямі, і яе вырашэньне залежыць ад узроўню пластычнасьці выканаўцаў)

Артур. (Спачатку яго адкідвае ўбок. Ен хапае паветра,але нейкім чынам распрамляецца і робіць у бок Майстра некалькі пасаў. Голас яго істотна зьмяніўся.) А гэта мы яшчэ паглядзім!

Артур і Майстар б’юцца. Гаспадыня, урэшце, падымаецца і зьдзіўлена назірае за імі.

Майстар. Ну, дзякуй! Прыцягнуць сюды схаванага Мага!

Гаспадыня. Якога схаванага Мага?

Майстар. Якога-якога! На бачыш? Вось гэтага! А можа ты сьпецыяльна? Набіла яму галаву, навучыла, паставіла блокі, каб ня ўспомніў заўчасна?

Гаспадыня. Ды кіньце вы дзідамі махаць! Знайшлі час і месца!

Майстар. Утаймуй свайго малайца! Ягоны юначы запал…

Гаспадыня. Спыніся! Ідзі сюды!

Артур спыняецца, але відавочна без вялікага жаданьня.

Артур. Гэта сапраўды ты дала мне веды?

Гаспадыня. Табе што, не падабаецца?

Майстар. Ісьці на такую рызыку! Я ня ўпэўнены, што ты зараз зь ім справішся!

Гаспадыня. Ды я паставіла яму звычайны набор воіна-вартаўніка!

Майстар. Ну тады, даражэнькая, у яго ўсяго толькі талент! А ты ведаеш, колькі гэта каштуе і што азначае ў нашай справе!

Артур. Ну, ладна. Я павінен табе падзякаваць, відаць.

Гаспадыня. Зусім неабавязкова. Я не зьбіралася рабіць зь цябеМага. А даць магчымасьць абараняцца – хутчэй мой абавязак, калі ўжо я пацягнула цябе ў небясьпечнае месца.

Майстар. Ну, вы тут высьвятляйце адносіны, а я пайшоў. Паспрабую адзін як-небудзь. Другога раза ў мяне можа й ня быць. (Накіроўваецца да Лёзаў.)

Гаспадыня. Чакай! Ты ня пройдзеш адзін! Ты страціў столькі энэргіі,у цябе ня хопіць сілы на супрацьвагу!

Майстар. Ты ведаеш, мне амаль усё роўна. Ці пан, ці…

Гаспадыня. Чакай! Мы можам дамовіцца!

Майстар Навошта, нас трое, і цяпер наўрад ці нехта з нас можа дазволіць сабе раскошу не скарыстаццца гэтым выпадкам. Другі раз сюды не трапляюць.

Гаспадыня. Халера! Калі ён усё ж такі пройдзе, нам з табой ня хопіць сілы яго ўтрымаць. Лёзы пераводзяць на новую ступень валоданьня Сілай – праз боль, жах, жудасьць, але хутка. У звычайных абставінах на гэта патрабуюцца гады.

Артур. І ён можа нас пасьля не пусьціць да Лёзаў?

Гаспадыня. Ён напэўна нас да іх ня пусьціць! Столькі працы!

Артур. Я спыню яго.

Гаспадыня. Як ты…

Яны кідаюцца да Лёзаў. Артур і Майстар дакранаюцца адначасова да чорнага і белага (адпаведна) ляза. Гаспадыню адкідвае назад. Цемра, крыкі. Гукі, падобныя на гром. Высокія пранізьлівыя ноты. Нарастаньне складанага рытму-вібрацыі.

Ціша. Трохі сьвятла. Гаспадыня паміж дзьвух лёзаў, якія ўжо ня сьвецяцца – яны глухія і звычайныя. Яна дакранаецца да аднаго, да другога, і, стоячы паміж імі, пачынае рагатаць. Рогат робіцца ці не вар’яцкім і пераходзіць у плач. Праз некаторы час плач неяк разам супакойваецца.

Гаспадыня. Мы жадаем… Мы ўсе жыцьце нечага жадаем… Славы, улады, каханьня, ведаў, спакою, шчасьця… Дзеля нашых жаданьняў мы робім тое, што можна, і тое, што нельга рабіць. Нашы жаданьні валодаюць намі. Нашы жаданьні ў вялікай ступені робяць з нас тое, што мы ёсьць. Мяне ніхто не пачуе, але я ўсё роўна крыкну: Людзі! Больш за ўсё на сьвеце бойцеся, што Лёс ці Бог спраўдзяць вашыя самыя запаветныя жаданьні! (Перадражнівае сябе.) “Незалежнасці!” ”Ведаў!” “Яснага бачаньня!” “Зьвязваць ніткі!” “І ня болей за тое!..” Ня болей за тое. Ня болей! О, як я не зайздрошчу таму, хто паспрабуе мяне хоць пальцам крануць! Я маю адказ на любое пытаньне, якое ў сілах прыдумаць! Я ўсё бачу! І лепей за ўсё я бачу цяпер сябе, якой цэлае жыцьце прыйдзецца зьвязваць разарваныя іншымі ніткі асноў сьветабудовы…

Імкліва ўваходзіць Артур.

Артур. Чаму ты яшчэ тут? Усё скончана ж… Месца спусьцела. Шкада, што так атрымалася, але нічога не зробіш. Я схадзіў пакуль за сваім целам – з ім зручней… Ну, ня трэба так перажываць! Майстар пасьпеў ухапіць твой прыз. Да рэчы, ці ня ведаеш ты, як яго завуць? Мне было б значна лягчэй абараняцца, калі б…

Гаспадыня. Ня ведаю.

Артур. Ну, ты ня ўмееш хлусіць. Ён жа баяўся цябе, а паколькі сілы вашыя былі прыблізна роўныя, палохаць яго магло толькі тое, што ты ведала, як яго завуць.

Гаспадыня. Я сказала табе – ня ведаю. А ты хутка счарнеў, хлопчык. Мне чамусьці здавалася, ўто ў цябе большы запас трываласьці.

Артур. Слухай, я табе ўдзячны. Я цябе паважаю, але гэта датычыцца маёй уласнай бясьпекі. Я ўсяго толькі абараняюся.

Гаспадыня. Імя пры абароне не выкарыстоўваецца.

Артур. Э-Э… Я цяпер ведаю болей за цябе, і…

Гаспадыня. Асноўныя законы нязьменныя на любым узроўні.

Артур. Слухай, ты павінна мне сказаць!

Гаспадыня. Ого! Я – табе -- нешта – яшчэ – павінна?

Артур. Ты мяне ў гэта ўцягнула – так? Я цяпер вымушаны супрацьстаяць немалой – і больш вопытнай – сіле. Таму… Калі ты не разумееш сама, што гэта неабходна…

Гаспадыня. Ты будзеш змушаны з мэтай абароны ўласнае асобы дзейнічаць не па-шляхецку.

Артур. Цяпер ты мяне сваёю сафістыкай ужо ня зловіш! Давай дамовімся як разумныя людзі…

Гаспадыня. Я думаю, што мы з табой аддамаўляліся.

Артур. Слухай, я не хачу рабіць табе больна… (Робіць загадны жэст.) Стой! Павярніся! Ідзі да мяне! Калі падыйдзеш, шэптам, але выразна, назаві імя Майстра!

Яна як бы падпарадкоўваецца, але падышоўшы ўсутыч, рэзка размахваецца і дае Артуру гучную поўху.

Гаспадыня. Ідзі. І забудзься на тое, што сюды вяртаўся.

Артур сыходзіць. Ён падобны на мяккую ляльку.

Улятае Майстар.

Гаспадыня. Ну так, калі гаворыш пра Чараўніка, будзь гатовы да сустрэчы зь ім.

Майстар. Гэты… Ён быў тут?

Гаспадыня. Быў. Яму карцела даведацца, як цябе завуць.

Майстар. Так… Гэта дрэнна… Гэта вельмі дрэнна. Але я разумею – што ты магла яму цяпер супрацьпаставіць!

Гаспадыня. Ну, нешта магла.

Майстар. Ты зрабіла памылку тады, калі не адправіла яго дамоў. Я таксама вінаваты – не зрабіў гэтага сам. Мы б з табой зараз на пару павесяліліся і разыйшліся… як заўсёды, мірна.

Гаспадыня. Чаму ты не вярнуўся раней?

Майстар. Хлопчык хутка навучыўся рабіць досыць дасканалыя фантомы, і я… сорамна прызнацца, але…

Гаспадыня. У ягоных фантомаў заўсёды будзе пустая аўра.

Майстар. Ну, дзякуй, Гаспадынька! Вось гэта падаруначак! Але стой. Адкуль ты ведаеш?

Гаспадыня. Майстар! Майстар! Скажы лепей, навошта ты вярнуўся? Цяпер сьведкаў няма, і ты можаш кінуць свае выкрутасы.

Майстар. Я проста хацеў упэўніцца, што з табой усё добра.

Гаспадыня. Ну, упэўніўся? Можаш ісьці дамоў.

Майстар. Ты злуешся на мяне? Ну так, маеш поўнае права. Ведаеш… Я хацеў сказаць вось што… Я … прапаную табе ісьці разам. Я… адчуваю сябе вінаватым… Ты зараз будзеш зусім безабаронная перад гэтым маладым ды раньнім… ну і наогул…

Гаспадыня. Я заўсёды здолею сябе абараніцць.

Майстар. Ён стаў на ступень вышэйшы за цябе! Мне што, трэба тлумачыць табе самыя асновы? Ён цяпер можа зрабіць з табой усё, што захоча!

Гаспадыня. А чаму цябе гэта так хвалюе?

Майстар. Ну… мы з табой досыць даўно ведаем адзін аднаго… Мы, урэшце, старыя прыяцелі, і мне было б непрыемна…

Гаспадыня. Не віляй, Майстар! Ці хопіць у цябе сьмеласьці не віляць?

Майстар.      Ты хацела мяне раззлаваць – у цябе гэта атрымалася. Заўсёды атрымлівалася. Добра! Слухай! Я жадаю цябе. Я заўсёды цябе жадаў. З першага погляду, з першага слова! Ты… Ты заўсёды была далёкая. Ты больш ведала, больш умела, лепей валодала сабой. Да нашае сустрэчы мае заняткі былі толькі спосабам задавальненьня дапытлівасьці… я не цікавіўся ўладай, магчымасьцю кіраваць… Як я пачаў працаваць з тое сустрэчы, колькі часу ўбіў у заняткі ўсім, што хоць якім бокам датычылася Вялікае Навукі Улады! Як я шліфаваў сваё майстэрства! Каго толькі не падпарадкоўваў усімі магчымымі спосабамі! Колькі было іх, гэтых людзей, якія рабілі ўсё, што я хацеў, і якія былі мне абсалюта непатрэбныя! Я жадаў аднойчы загадаць табе …. А ты… Ты заўсёды была мацнейшая за мяне… але чамусьці нічога мне не загадвала. І ўсіх маіх лялек я адддаў бы за адзін твой позірк.

Гаспадыня. Майстар… Але сітуацыя быццам зьмянілася. Чаму ты цяпер гаворыш мне гэта, чаму ты цяпер не прымусіш мяне пакорліва ісьці сьледам? Ці пасьля набыцьця вялікай сілы я стала табе нецікавая?

Майстар. Не. Ты цудоўна ведаеш, што не. І я сапраўды магу цябе прымусіць… так, па ідэі я магу гэта зрабіць. І я гэтага не зраблю. Усё. Прабач. Я хаўсёды буду ахоўваць цябе, але… Я пайду.

Гаспадыня. Чакай. Ты не сказаў, чаму. Чаму ты гэтага ня зробіш?

Майстар. Таму што мне ўстыла торгаць за ніткі. Таму што мне ўстыла карыстацца штучнымі рэчамі. Я пракраўся за табой да Лёзаў, каб не згубіць цябе назаўсёды, а згубіў нават надзею. І я буду рады, калі гэты хлопчык аднойчы дастане мяне.

Гаспадыня. Ён цябе не дастане.

Майстар. Чаму гэта?

Гаспадыня. Я адняла ў яго веды пра спосабы ўзнаўленьня энэргі. Няхай хоць нешта сам пашукае. А ты ведаеш, што ўсё астатняе без дастатковай колькасьці энэргіі – мёртвае.

Майстар. Стой… Як ты магла… Як у цябе атрымалася… Ты… Ты таксама нешта ўзяла ад Лёзаў?

Гаспадыня. Не ад Лёзаў. І не ўзяла. Далі. Дакладней, мяне прымусілі ўзяць. Баюся, што на мяне ўзвалілі болей, чым я магу несьці.

Майстар. Божачка! Выцерці веды з галавы Мага! А я так ганарыўся, што стаў табе роўным! Роўным! Ты… Ты засталася там, на недасягальнай вышыні…

Гаспадыня. Але ў цябе зноўку ёсьць надзея. (Пра сябе.) Гэта ўсё, што я магу табе даць.

VI

Зноўку пакой-майстэрня. Гаспадыня, Бутрым, Шцірліц і Сантаеў сядзяць вакол абрусу. Пара пустых пляшак. Гаспадыня заканчвае апавяданьне.

Гаспадыня. …Яны здолелі прайсьці, абодва, а мяне адкінула назад. Так вось усё і адбылося.

Шцірліц. Мы, шчыра кажучы, былі напалоханыя зьнікненьнем нашай сьпячай прыгажуні…

Сантаеў. А дзе яны цяпер?

Гаспадыня. Носяццца па горадзе, спрабуючы злавіць адзін аднаго. Сілы роўныя, так што баяцца няма чаго. Выдыхнуцца і спыняцца.

Бутрым. А ты што ж, так нічога і не атрымала, выходзіць?

Сантаеў. Бутрым, раз на год можна і сабрацца неяк… нават такім чынам. Мне, напрыклад, не хапала вас дваіх… праўда, я толькі цяпер гэта зразумеў. (Да Гаспадыні.) Так што, калі табе што яшчэ спатрэбіцца – выцягвай мяе спакойна, хоць зь якога ложка.

Бутрым. Я зусім не таму…

Гаспадыня. Я ведаю. Людзі! Я павінна вам сказаць… Мне ж таксама тое-сёе перапала. Праўда, зусім ня тое, на што я разлічвала.

Шцірліц. І што гэта?

Гаспадыня. Помніце, я ўсё хацеал ведаў? Ну дык вось, цяпер у мяне іх больш чым дастатков. Але…

Шцірліц. Што “але”?

Гаспадыня. Але я не ведаю, што мне зь імі рабіць. Іх столькі, што прыйдзецца гадамі разьбірацца толькі, што там да чаго і куды ідзе…

Сантаеў. Чакай! Адкуль? Твой Артур схапіўся за чорнае Лязо, Майстар за белае… Ты ж не пасьпела нічога ўхапіць…

Гаспадыня. Маё Лязо знайшло мяне само.

Шцірліц. І…

Гаспадыня. І яно – шэрае.

Бутрым. Я чытаў розныя казкі, але нешта нічога не прыгадваю… Хіба толькі Толкіена ўзгадаць… Дык там жа Гэндальф Шэры проста дарастае да Белага. Табе што, прыйдзецца зноўку да нечага дарастаць?

Гаспадыня. Не. Тут усё зусім не так. І можа дарма я скарысталася гэтае азначэньне – “шэры”. Па функцыях я з’ялююся вартаўніком, ахоўнікам. Мая справа – назіральная. Мне ня трэба цяпер ні чорнай улады, ні белага спакою-веданьня. Я назіраю за тым, каб гэтыя чорныя і белыя не перадушылі адзін аднаго.

Шцірліц. Значыцца, ты мацнейшая за іх?

Гаспадыня. Значыцца.

Сантаеў. Ого.

Шцірліц. (Сантаеву.) Ага!

Гаспадыня. Людзі! Кіньце хвалявацца! Я абсалютна афіцыйна, калі хочаце, аб’вяшчаю аб роспуску Суполкі Вогнішча! Вы мне вельмі і вельмі дапамаглі, і я абацаю, што нікола болей ня буду вас чапаць! Жывіце самі, жывіце як хочаце, жывіце сабе безь мяне! Забудзьце пра маё існаваньне, калі так лягчэй.

Бутрым. Ты нас праганяеш?

Шцірліц. Што гэта з табой, дзядзька? Сам увесь час ныў-ныў!

Бутрым. Памаўчы ты, разумнік.

Шцірліц. Маўчу.

Гаспадыня. Людзі, вы ня так зарзумелі… Бутрым, Шцірліц, Цім… Я… Я буду вельмі і вельмі радая, калі вы паасобку ці разам пажадаеце мяне наведаць. Урэшце, людзі, вы ж адзіныя, з кім я магу шчыра пагаварыць. Ніхто ж болей не паверыць, не зразумее ні халеры з гэтага!

Сантаеў. А хлопчык Артурка?

Гаспадыня. Я зрабіла так, што ён на ўсё забыўся. Будзе лічыць, што дасягнуў сваёй ступені самастойна. Удзячнасьць – непамерная ноша. А прыходзіць сюды яму зробіццца нецікава. Так што…

Шцірліц. Чаму ты так? Мне здалося, у вас нешта магло атрымацца…

Гаспадыня. Шцірліц, разумееш, справа перад усім у тым, што пры маёй новай дзейнасьці… Ну, у ёй побач з усімі ведамі і магутнасьцямі стаіць колькі абмежаваньняў. Мне цяпер шмат чаго нельга. І заўсёды будзе нельга.

Бутрым. Дык што, у цябе…

Гаспадыня. У тых, хто стаіць на варце, не бывае сям’і.

Сантаеў. А…

Гаспадыня. І не бывае славы.

Шцірліц. Але…

Гаспадыня. Так, у іх могуць быць сябры. Але “могуць быць” – ня значыць “будуць”.

Шцірліц. Яны ў цябе ёсьць.

Бутрым.       Так. І не зьвяртай увагі на маё занудства.

Сантаеў. І на мой дурны гумар.

Б’е 12.00.

Шцірліц. Ну што, з Новым Годам!

П’юць, маўчаць.

Гаспадыня. Людзі… Я пайду лягу, відаць.

Сантаеў. Так, ты такая стомленая.

Бутрым. Ледзьве на нагах трымаешся.

Гаспадыня ідзе некуды углыб сцэны.

Маўчаньне.

Сантаеў. Шцірліц, ты самы разумны з нас. Ты – па праўдзе толькі! – ты сапраўды ў гэта верыш? У гэтую неверагодную прыхаваную магутнасьць?

Шцірліц. Ты сам усё бачыў, і сумняваешся. Я таксам чалавек, а чалавеку гэта ўласьціва…

Бутрым. Я чамусьці веру.

Шцірліц. Я калісьці даўно-даўно ці чуў нешта такое… Што ёсьць такая нябачная варта, што ахоўвае ўсё на сьвеце – белых, чорных, Магаў, проста людзей… І бяз гэтай незаўважнай прысутнасьці немагчыма напісаць добры верш ці пабудаваць прыстойную ўтульную хату… Яна як каталізатар, які робіць магчымымі ўсе стваральныя дзеяньні. Яна вартуе і парадак, і хаос. Яна…

Сантаеў. Яна жудасна адзінокая.

Бутрым. І абсалютна безабаронная на самой справе. Хлопцы…

Шцірліц. Так.

Сантаеў. Здаецца, Суполка Вогнішча – самы трывалы саюз, які я ведаю.

Шцірліц. Асабліва цяпер, калі з’явілася пэўная акрэсьленая мэта.

Бутрым. Функцыя.

Сантаеў. Ну так. Ахова вартаўніка .

Музыка.

1996.





126
просмотры





  Комментарии
нет комментариев


⇑ Наверх