Вітаўт Мартыненка Адкрыты


Вы здесь: Авторские колонки FantLab > Авторская колонка «slovar06» > Вітаўт Мартыненка. Адкрыты шлях. Витовт Мартыненко. Открытый путь
Поиск статьи:
   расширенный поиск »

Вітаўт Мартыненка. Адкрыты шлях. Витовт Мартыненко. Открытый путь

Статья написана 14 мая 2022 г. 11:48

Ахвярую Тацьцяне Ермаковіч.


Яму жадалася сьвету, праўды, брацтва, дабра,

і ягонае шчырае сэрца, ірвучыся на прастор,

знаходзіла спачын там…

У. Галубок «Апошняе спатканьне».




Ікар узьвіўся ў неба высока-высока.

Дыхаць стала лёгка. Зрок ахапіў неабсяжныя прасторы. А багна, што яшчэ нядаўна цягнула яго долу, драбнела пад позіркам адсюль.

Між тым Ікар імкнуўся ўзьняцца ў такія вышыні не па тое, каб адно кінуць усіх.

Але што ж атрымалася? Усе, зь кім быў Ікар, засталіся там, унізе, не адгукнуліся на ягоны покліч. А ўверсе, куды ён імкнуўся,— хто яго там чакаў?

Штучныя крылы ўжо аслабілі цягліцы, бо штучныя — не свае: не крылы цябе нясуць, а сам ты нясеш і сябе, і крылы. I таму Ікар слабне, адтуль жа, зьверху, аніхто — ясна — не падасць яму рукі.

Там нікога няма.

«Нікога? — дзівіўся Ікар з сваіх думак. — Але нікога — гэта не нічога. Бо ёсць там воля…»

Шкада, што Ікару давялося выправіцца адному Вось цяпер ён яшчэ трымаецца на вышыні дзякуючы вольнаму пляніраваньню. Але пляніраваньне раўнаважнае спаду Да таго ж — яшчэ хвіліна, і ён усьвядоміць жахлівае пачуцьцё адзіноты.

Адзінота — катэґорыя маральная, але страты ад яе адчуваюцца фізічна.

Згадай…

Толькі ня гэта!

Не, я не прашу цябе вярнуцца думкамі ў багну. Згадай, хто бег з табою на ўзьлёце, Ікар?

Ён больш ня спусьціцца да іх. Але ж яны б маглі падняцца, каб ён знайшоў для іх патрэбнае слова. У яго ж быў нехта дарагі, каго б ён хацеў бачыць побач.

Ікар хацеў. Каго? Ён не задумваючыся адказаў бы:

— Увесь сьвет. Увесь сьвет сярод гэткай чысьціні думак, прывольля й спакою. Але хіба ў мяне хопіць словаў на ўвесь сьвет, калі не хапіла й на найдаражэйшых?

Самыя дарагія!.. Вы ўжо чулі ўсе словы, і ўсялякія тлумачэньні будуць залішнімі, калі не паразумеліся адразу. Таму нават кароткі ліст да кожнага з вас ён пакінуў у думках.

Самай дарагой Ікару была маці:

— Ты зноў скажаш, мама: «Кінь! Чаму не задаволісься тым, што здавальняе ўсіх — іх жа большасць». Я ведаю, ты не паляціш са мною. Вялікі палёт — гэта подзьвіг, а свой подзьвіг ты ўжо зьдзейсьніла: ты паверыла, што я магу быць шчасьлівым, і дала мне жыцьцё. А я ўбачыў шчасьце ў палёце і ўзьляцеў. Хай будзе ў гэтым сэнс для нас абаіх. I не прымушай мяне знайсьці шчасьце там, дзе знаходзіць болыпасць. Можа, яна ня ведае, што такое шчасьце.

Была ў Ікара каханая, ад якое таксама ён чуў: «Кінь!»

— Ты згадзілася ляцець разам са мною. Таксама прагнула прасторы. Але й ты ж казала: «Вызвалімся ад балясту — кінь ты сваю лятыну. Яна ўсё адно памрэ!» Так, тут, у багне, яна памрэ. Але ж дзеля чаго мы так ірвемся да сьвятла, да чысьціні, каб… на ўзьлёце выплюнуць апошнюю чысьціню сваёй душы. Мы стваралі й зьнішчалі тут, дык ці варта ляцець, каб рабіць тое самае там. Ува што ператворыцца прастора? Прабач, я паляцеў без балясту, але зь лятынай. Для цябе яна мёртвая, бо ты лічыш, што знайшла лепшы сродак зносін. А я б і на пальцах табе растлумачыў ШТО мусіць несьці жывым душам прастору мастацтва, святло філязофіі, чысьціню эстэтыкі… Ты слушна думала, што каханьне асьвятляе душы, але яно самое згасьне без таго, што ты адмовілася ўзяць.

Быў і сябра ў Ікара, які аніколі не казаў: «Кінь!»

Ты падтрымліваў мяне ва ўсім. Верыў у гэтыя крылы. Імкнуўся да сьвятла й чысьціні. Цябе ня трэба было пераконваць, што не будзе сьвятла й чысьціні без культуры, а таму найперш трэба берагчы носьбіт нашае культуры — нашую лятыну Ты быў побач са мной на ўзьлёце. Мы разам разьбегліся, і… ты кінуў мяне. Ты й надалей быў бы надзейнай падтрымкай у марах пра палёт, але ляцець ня змог.

Была ў Ікара справа.

Калеґі казалі пра ачышчэньне й пераварочвалі багну зь месца на месца. А ён рабіў усё, каб вырвацца з гэтае багны на прастору. Яго ўшчувалі: «Ты хочаш кінуць месца, адкуль выйшаў?» Не, казаў ён, я хочу кінуць у яго каліва дабра й справядлівасьці — яно прарасце, і багна ператворыцца ў крыніцу духовых сілаў для тых, хто будзе асвойваць прасторы.

Калеґі ведалі, што яму абрыдла слова «Кінь!», і самі абвінавачвалі Ікара ў жаданьні кінуць.

— Вы памыляліся толькі ў сваім нявер'і, што ня кожны пот сьведчыць пра плённасць працы, і ня кожнае «Кінь!» азначае страту.

Была й Радзіма ў Ікара, якую ў яго кралі патроху ад кожнага пакаленьня разам з роднай мовай, бацькоўскімі песьнямі, сумленнымі сябрамі, асэнсаванай працай, шчырымі каханымі, незабыўнымі мацяркамі… Цяпер не было нават да каго зьвярнуцца з апошнім лістом.

Кінь яго, а трапіш у багну. Тую, зь якое вырваўся.

Вырваўся і застаўся адзін.

Як добра было б, каб усе вы былі тут, побач. Каб адчулі, што сьвятло — гэта неабавязкова асляпленьне, што адкрытая пространь — не абавязкова пустота…

Каб хоць нехта з вас быў побач, Ікару не прыйшла б да галавы думка, што ўзьляцеў ён зарана. Нават на скрайні выпадак ён падумаў бы, што проста лёс абраў яго пракласьці шлях. А так — Ікар адзін. Ён слабне. Аднак, калі ён вернецца, шлях будзе закрыты назаўсёды.

Ікар пераадолеў псыхалёґію натоўпу і вырваўся з яе. Хто ведаў, што лёс прапануе яму прыняць псыхалёґію адзіноты — такую ж жахлівую. I жах перад ёй мацнее разам з нежаданьнем прыняць. Яму адному стала зашмат гэтага вольнага паветра, якога не было зь кім падзяліць.

Адному — шмат. А ён — адзін. Тут анічога не паробіш.

I ён вуснамі выцягнуў прызапашаную на такі выпадак папяроску з нагруднае кішэні.

Яму было зашмат волі адному.

Папяроска ўспыхнула ад сонечнага промня, і лёгкімі Ікар адчуў звыклую зямную прыгнечанасць.

Не, Ікар ня быў прыхільнікам гэтае прыгнечанасьці. Гэта была першая ягоная папяроска. Першая й апошняя. Апошняя, бо там, дзе сканчаўся тытунь, пачынаўся капсюль.

Ікар узьвіўся ў неба высока-высока і болей аніколі не вярнуўся ў багну.

напісана 2 – 4 траўня 1988 году. Адна з апошніх публікацыяў адбылася ў студэнцкім часопісе «Асьпірынавы матузок» №5, Менск, студзень, 2007. Тут гэты тэкст друкуецца паводле першае публікацыі (ґазэта «Чырвоная зьмена» №244-245, Мн., 22 сьнежня 1990 году).





116
просмотры





  Комментарии
нет комментариев


⇑ Наверх